28 сакавіка на літоўска-беларускай мяжы затрыманы маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч
Актывіст Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы ў нядзелю, 28 сакавіка, на памежным пераходзе “Каменны лог”, -- паведамляе Радыё Свабода. Беларускія мытнікі пратрымалі яго тры гадзіны ды сканфіскавалі маладафронтаўскія дакумэнты і агітацыйныя матэрыялы.
Зьміцер Дашкевіч, студэнт 2 курсу катэдры беларускай філялёгіі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, ехаў аўтобусам зь літоўскай сталіцы ў Менск. На памежным пераходзе да яго падышлі некалькі беларускіх мытнікаў і прапанавалі паказаць багаж. Як вынік, мытнікі сканфіскавалі ў Дашкевіча распрацаваны ім праект стратэгіі дзейнасьці Маладога Фронту, а таксама некалькі асобнікаў маладафронтаўскіх бюлетэняў. Мытнікі сказалі, што сканфіскаваныя апазыцыйныя матэрыялы будуць скіраваныя на праверку ў пракуратуру, якая павінна высьветліць, ці няма ў гэтых дакумэнтах зьвестак, якія абражаюць гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі.