Мужчыну асудзілі за публікацыю даных пра сем'і супрацоўнікаў РАУС пасля бытавога канфлікту
Градненчука Паўла Голава асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі паводле ч.2 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных даных) і арт. 188 (паклёп) Крымінальнага кодэксу.
Дакладны тэрмін невядомы. Але мужчыну вызвалілі з-пад варты, бо да суду ён знаходзіўся пад вартай і цалкам адбыў прызначаны тэрмін. Таксама ён мусіць выплаціць штраф: яго памер таксама невядомы.
Вырак агучыў у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна суддзя Віталь Лабоцкі. Ён прызнаў Голава вінаватым у тым, што ён размясціў у тэлеграм-чаце інфармацыю пра супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС Гродна, якія "могуць арганізоўваць правакацыі, канфліктныя сітуацыі ці аператыўнае назіранне. А таксама адбіраць у дзяцей тэлефоны".
Павел прызнаў віну часткова. Ён распавёў пра бытавы канфлікт на лесвічнай пляцоўцы з дзвюмя сем'ямі — чатырма супрацоўнікамі РАУС, якія жывуць з ім у адным доме. Сітуацыю здымаў на тэлефон сын Голава, гэта не спадабалася супрацоўнікам РАУС, таму калі тэлефон упаў на падлогу, адзін з іх паспрабаваў яго забраць. Голаў звярнуўся з гэтай нагоды ў міліцыю, але калі не атрымаў даных пра разгляд заявы, размясціў відэазапісы канфлікту і фотаздымкі ўдзельнікаў у чаце.
Вядома, што ў Голава двое дзяцей.