Баранавіцкага пенсіянера асудзілі да "хатняй хіміі" за паклёп на Лукашэнку
Суд Баранавіцкага раёна і Баранавіч вынес прысуд мясцоваму пенсіянеру Івану Норку, абвінаваціўшы яго ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч.2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса.
Судовы працэс адбыўся яшчэ 22 жніўня і праходзіў у выязным пасяджэнні у будынку аднаго з мясцовых ЖЭСаў. Суддзя – Мікалай Кміта.
65-гадовага Івана Норку затрымалі і змясцілі пад варту 10 ліпеня, праз трое сутак перавялі пад хатні арышт, паведамляе “Берасцейская вясна”.
Па матэрыялах абвінавачання, Норка ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” адзначыў упадабайкай некую публікацыю. Аднак экспертыза выявіла ў ёй нібыта непраўдзівыя дадзеныя аб тым, што Аляксандр Лукашэнка датычны да злачынстваў трох відаў (“акт тэрарызму”, “забойства”, “перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў”).
Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў пенсіянеру з інваліднасцю паўтара года “хатняй хіміі" – (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).