Адразу шасцёх людзей асудзілі за ўдзел у Маршы ў 2020 годзе
Стала вядома, што 11 верасня 2023 году ў судзе Партызанскага раёну Мінска вынесены прысуд шасці людзям паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Усіх асудзілі да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Віктара Суторміна і Марыю Валадковіч — да двух гадоў і трох месяцаў, Дзмітрыя Абдульманава і Антона Беліча — да двух гадоў і шасці месяцаў, Аляксандру Беліч і Галіну Гародку — да двух гадоў. Усе, акрамя Галіны Гародкі і Аляксандры Беліч знаходзіліся пад вартай да вынясення прысуду. Іх вызвалілі ў зале суда.
Вядома, што яны разам удзельнічалі ў адным з Маршаў у 2020 годзе: "сумесна стаялі на праезнай частцы дарогі, сярод іншых удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства". У іх былі нацыянальныя сцягі і кветкі, перавязаныя бела-чырвона-белай стужкай. Яны прызналі віну. Імаверна, іх усіх вылічылі па фотаздымку аднаго з абвінавачаных.
Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч.