viasna on patreon

"Па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў". У Мінску распачынаецца суд за "агентурную дзейнасць"

2023 2023-09-28T12:29:14+0300 2023-09-28T12:32:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ala_sakalenka_90.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 29 верасня пачнуць судзіць 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку. Яе абвінавачваюць у агентурнай дзейнасці паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса. Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі ад трох да сямі гадоў зняволення. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Анастасія Папко. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома пра гэтую справу.

Ала Сакаленка на допыце. Скрын з фільма АТН
Ала Сакаленка на допыце. Скрын з фільма АТН

Напрыканцы сакавіка 2022 года з'явілася абвестка аб знікненні дзвюх жанчын з Латвіі – Алы Сакаленкі і Дзіяны Бахмуты. Паведамлялася, што 28 сакавіка яны не прыехалі ў Латвію з паездкі ў Беларусь. Апошні раз жанчын бачылі 27 сакавіка ў Гомелі, дзе яны павінны былі сесці на цягнік. Пазней стала вядома, што Сакаленку затрымалі ў межах крымінальнай справы за агентурную дзейнасць на карысць Латвіі.

14 снежня 2022 года на дзяржаўным тэлебачанні выйшаў фільм "Контрразведка. Операции белорусского КГБ против спецслужб Запада и Украины. Фильм АТН", дзе распавядаецца і пра справу Алы Сакаленкі. У фільме паказваюцца кадры затрымання грамадзянкі Латвіі: на вуліцы каля жанчыны з валізай і пакетам спыняецца цёмны мікрааўтобус, адкуль выбягаюць пяць мужчын, у якіх на спінах напісана "КГБ". Адзін з іх здымае ўсё на відэакамеру. Алу завялі ў мікрааўтобус. З іншага боку таксама пад'ехала машына – у яе супрацоўнікі завялі жанчыну ў жоўтай куртцы. Меркавана, гэта Дзіяна Бахумата, пра якую пісалі ў абвестцы пра знікненне – там гаварылася пра жанчыну ў жоўтай куртцы і сініх джынсах. Пазней МЗС Латвіі ўдакладніла, што Дзіяна ўсё ж вярнулася ў Латвію. 

Момант затрымання Алы Сакаленкі і Дзіяны Бахмуты. Скрын з фільма АТН
Момант затрымання Алы Сакаленкі і Дзіяны Бахмуты. Скрын з фільма АТН

"Да гэтага часу [затрымання ]на яе накапілі дастаткова доказаў і матэрыялаў. Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі", – пракаментавалі справу Сакаленкі ў фільме АТН.

Грамадзянка Латвіі ўтрымліваецца пад вартай у беларускім СІЗА. Прэс-сакратар МЗС зазначыў, што амбасада Латвіі ў Віцебску аказвае ёй консульскую дапамогу ў межах магчымасцяў.

Таксама ў ведамстве адзначылі, што колькасць затрыманых грамадзян Латвіі рэзка ўзрасла пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму 15 красавіка 2022 года, і настойліва заклікалі грамадзян Латвіі не ездзіць у Беларусь, паколькі магчымасці Латвіі па аказанні консульскай дапамогі затрыманым грамадзянам абмежаваныя.

"Таксама МЗС падкрэслівае, што выведвальныя службы Латвіі і іншых краін NATO публічна папярэджвалі аб выведвальнай і вярбовачнай дзейнасці беларускіх спецслужбаў; маецца рызыка, што такая дзейнасць будзе выкарыстаная і супраць грамадзян Латвіі. Такія вандроўнікі могуць быць падвергнутыя правакацыям з боку беларускіх спецслужбаў і ілжыва абвінавачаныя ў парушэнні беларускіх законаў і, як следства, арыштаваныя", патлумачыў прэс-сакратар МЗС Латвіі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства