viasna on patreon

Старонка Беларускай праваабарончай школы — у "экстрэмісцкіх матэрыялах": хроніка пераследу 28 верасня

2023 2023-09-28T18:10:18+0300 2023-09-28T18:14:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_homel_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы «Цэнтр новых iдэй», «Паспалітае рушэньне», «LITVANIA (ЛІТВАНІЯ)»;
  • Youtube-каналы «Буднi калгаснiкау», «Прамой атвет», «Рудабелка прававая», «Беларуская паказуха»;
  • Старонка ў Facebook «Беларуская праваабарончая школа»;
  • Instagram-старонка «Дай Дарогу!»;
  • TikTok-профіль «Андрей Belarus Lithuania».

Таксама «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» унесены ў спіс «экстрэмісцкіх арганізацый».Паведамляецца, што арганізацыя ўнесеная ў адпаведны спіс згодна з рашэннем Вярхоўнага суда ад 15 верасня. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, рашэнне аб прызнанні яе «экстрэмісцкай» прыняў суддзя Сяргей Мікалаеў. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ.


Мінгарвыканкам падаў у суд пазоў аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё»

Пазоў пададзены 15 верасня. Выканкам настойвае на ліквідацыі царквы, прыпісваючы ёй экстрэмісцкую дзейнасць і, адпаведна, парушэнне закона «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацый».

Царква «Новае жыццё» — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля. У пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі суполку ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, на што вернікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю.


Затрыманні ў "Барысаўскіх электрасетках"

Стала вядома, што 25 верасня сілавікі прыйшлі на працу ў прадпрыемства “Барысаўскія электрасеткі”. У некаторых прабочых праверылі тэлефоны.

Вядома, што за каментары ў сацсетках затрымалі працаўніка арганізацыі і яго жонку. Прозвішчы пакуль невядомыя.


У Гомелі затрымалі маладога чалавека

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што ён нібыта вырабіў і распаўсюдзіў у экстрэмісцкіх Telegram-каналах улётку, якая змяшчае абразы і паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі, прадстаўнікоў улады.


Хапун у Ваўкавыску працягваецца — сярод затрыманых намеснік галоўнага лекара 

На «пакаяльных відэа» людзі «прызнаюцца» ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а таксама ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога». Сярод затрыманых супрацоўнікі «Белакту» і намеснік галоўнага лекара санаторыя «Пралеска». Нагадаем, учора сілавікі паведамлялі пра іншых затрыманых у Ваўкавыску.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актыўнасць сілавікоў у Ваўкавыску звязана з інцыдэнтам, які адбыўся днямі ў горадзе — на адным з выклікаў (бытавая сітуацыя, не звязаная з палітычным пераследам) быў збіт супрацоўнік міліцыі. Пасля гэтага ў горад адправілі сілавікоў з Мінску і Гродна, якія і пачалі «зачыстку».

Па інфармацыі "Нашай нівы", сярод затрыманых Андрэй Тарасевіч, Аксана Шырынга, Дзяніс Арцістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства