Кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі выклікаўся ў пракуратуру
Учора, 29 сакавіка, кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў выкліканы ў рэспубліканскую пракуратуру на “беседу” да пракурора Новікава, які займаецца пытаньнямі дзейнасці грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў, СМІ.
Размова была нядоўгай, ніякія запісы не вяліся. Пракурор задаў некалькі пытаньняў, датычных дзейнасьці Бяляцкага ў няўрадавых арганізацыях – у якіх арганізацыях ён бярэ ўдзел, ці мае дачыненьне да Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў і яе часопіса Асабліва цікавіла пракурора Новікава, ці шмат Алесь Бяляцкі бывае за мяжой, бо ўбачыў у ягоным пашпарце шмат візаў і пячатак, а таксама – за якія сродкі ён жыве.
Алесь Бяляцкі адказаў, што згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ён мае права не даваць інфармацыю, якая можа быць скарыстаная супраць яго. Пракурор на гэта адзначыў, што яшчэ, магчыма, знойдзецца нітачка, за якую ён пацягне, і іх размова з праваабаронцам працягнецца.
Напярэдадні гэты ж пракурор выклікаў некалькі чалавек, пазначаных у рэдакцыі часопіса “Асамблея”, якія былі дапытаныя на прадмет сваёй датычнасьці да гэтага часопіса. У выпадку ж з Бяляцкім пытаньні закраналі значна шырэйшае кола праблемаў, у тым ліку нават асабістага жыцця, што, бясспрэчна, зьяўляецца перавышэньнем паўнамоцтваў спадара Новікава.
Бяляцкі лічыць, што пракуратура атрымала пэўны сацыяльны заказ, і асноўная прычына ягонага выкліку ў пракуратуру зьвязаная з агульным ціскам на няўрадацыя арганізацыі, які ўзмацніўся апошнім часам.