viasna on patreon

Затрыманні, папаўненні ў спісах "экстрэмісцкіх" матэрыялаў: хроніка пераследу 27 кастрычніка Дапоўнена

2023 2023-10-27T14:45:36+0300 2023-10-27T17:01:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_palimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Аблава ў Карэлічах: АМАП затрымліваў людзей у мясцовай паліклініцы, доме культуры і райвыканкаме

27 кастрычніка ў Карэлічах прадстаўнікі АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама затрымалі некалькі чалавек.

Так, вядома, што раніцай у Карэліцкай цэнтральнай раённай паліклініцы было затрымана некалькі лекараў і стаматолаг. З астатнім персаналам праводзілі «прафілактычныя гутаркі» аб недапушчальнасці «падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы».

Акрамя таго, два чалавекі былі затрыманыя ў Карэліцкім раённым выканкаме, таксама былі затрыманыя некаторыя супрацоўнікі «Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці».


На ААТ «Лідскае піва» адбыліся затрыманні

Сёння каля 10:00 адбыўся «хапун» на прадпрыемстве ААТ «Лідскае піва». Паведамляюць, што затрымана не менш за 6 чалавек.


На «Паліміры» у Наваполацку — таксама затрыманні

Стала вядома, што 24 кастрычніка было затрымана чацвёра супрацоўнікаў цэха №201 завода «Палімір».

Затрыманне адбылося пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы. Падчас дыялогу, які пачаўся як звычайная гутарка, абмеркаванне ператварылася ў палітычную дыскусію, у якой адзін з супрацоўнікаў «Паліміра» выказаў свае палітычныя погляды.


Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёну 23 кастрычніка. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып telegram-каналу.

Таксама ў другі раз «экстрэмісцкім» быў прызнаны тэлеграм-канал «Вясна | Брэст» — 24 кастрычніка судом у Баранавічах. У мінулым годзе гэта ўжо зрабіў суд Чыгуначнага раёну Гомеля.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Экспозиция революционного анархизма (Э.Р.А)», «NSDAP», «UANTIFA ????????????161»;
  • Instagram старонка «binklby»;
  • Відэа «Эля i Сяргей. Самая пратэсная пара Маладзечна»;
  • Cтаронкі ў сацсетках і лагатып «NADZEYA INFO Belarus in UK»;
  • Сайт «Информ-Прогулка»;
  • Telegram-канал «Квят-агляд» і ягоны лагатып;
  • Суполка ва «Укантакце» «ПРАСТОРА КХ»;
  • TikTok-старонкі «Моладзевы Блок», «Franak Viacorka», «ЗБС», «Belsat TV», «Politzek.mе», «minano», «Илья Соленков».

Затрыманні ў Ваўкавыску

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне двух жыхароў Ваўкавыску.

Адзін з іх — супрацоўнік Ваўкавыскай ЦРБ Аляксандр Скіруха, затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП РБ). Другі затрыманы — супрацоўнік «Белтэлекама» Ігар Палікша. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгах і таксама затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства