viasna on patreon

Хадановіч і Халезін — у спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў, спявачка Грыбалёва затрыманая: хроніка пераследу 31 кастрычніка - 1 лістапада Дапоўнена

2023 2023-10-31T18:55:00+0300 2023-11-01T18:39:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hadanovich-2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 кастрычніка - 1 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

З'явілася інфармацыя пра затрыманне спявачкі Ларысы Грыбалёвай

Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманне адбылося ўчора ці сёння — дома ў Ларысы адбыўся ператрус. Падрабязнасці высвятляюцца.

Раней Ларыса Грыбалёва патрапіла ў негалосны спіс 80 выканаўцаў, якім забаронена выступаць у нашай краіне. У 2020 годзе яна была адной з тысяч беларускіх дзеячаў культуры, якія выступілі супраць гвалту.


ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які ў 2020-ым годзе збіраў грошы для пацярпелых ад гвалту

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, мужчына наведваў акцыі пратэсту, падчас якіх збіраў грошы для пацярпелых ад сілавікоў.


У Шчучынскім аўтапарку адбыліся затрыманні

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што цягам двух дзён сілавікі ў філіяле «Аўтапарк №12 г. Шчучын», затрымалі шмат чалавек за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Дакладная колькасць затрыманых невядома.


Затрыманы Васіль Палякоў, у яго дома праведзены ператрус 

 У Гомелі праводзяцца затрыманні сярод мясцовых актывістаў. Пра гэта паведамляе палітык Анатоль Лябедзька.

 “Хапун у Гомелі. “Стаханаўцы” працуюць нават на Дзяды. Затрыманы Васіль Палякоў. Выклікалі па позве, у якой быў указаны артыкул па адміністрацыйнай справе. Праз пару гадзін прывезлі ў кайданках дахаты. Правялі вобшук, забралі аргтэхніку, паперы. І, натуральна, Васіля. Калі яны ўжо нажруцца сваёй нянавісцю, сваёй помстай, сваім страхам?!”, - паведамляе Антоль Лябедзька.

Васіль Палякоў у судзе

Васіль Палякоў - былы настаўнік гісторыі, звольнены па палітычных матывах. Шматразова ўдзельнічаў у розных палітычных кампаніях, нейкі перыяд узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. 

У спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" трапілі сацсеткі Андрэя Хадановіча і Беларускага Радыё Рацыя

Поўнае абнаўленне Спісу:

  • Telegram-чат "Khalezin Chat";
  • Facebook старонка "BY ORG Альтэрнатыва";
  • Telegram-канал і Facebook-старонка "Беларускае Радыё Рацыя", а таксама іх лагатыпы;
  • Telegram-канал "ХАДАНОВIЧ I CHADANOVIC" і ягоны лагатып, а таксама Telegram-канал "Андрэй Хадановiч".

Сілавікі затрымалі жыхара Сеніцы — на яго гаражы была "пратэсная сімволіка"

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з жыхаром Сеніцы.

На ім мужчына «прызнаецца» ў тым, што ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і чаты, на сваім гаражы меў «пратэсную сімволіку» (герб Пагоня), а пасля выбараў заходзіў у Сеніцкі выканкам з прапановай правесці мітынг у патрымку Ціханоўскай і замяніць чырвона-зялёны сцяг каля будынка на нацыянальны.


У Мінску затрымалі юрысконсульта — яму пагражаюць «крыміналкай» за каментары

Арцёму Аляксяёнку 28 гадоў. Ён з Калодзішчаў, гэта пасёлак пад Мінскам, каля Уручча. Апошнім часам мужчына працаваў юрысконсультам у кампаніі «Белспортзабеспячэнне», якая арганізоўвае спартовыя мерапрыемствы і трымае гасцініцу «Спорт» на мінскай вуліцы Якуба Коласа.

Зараз, згодна з інфармацыяй ад губазікаўцаў, Арцёму пагражае крымінальная справа за каментары ў тэлеграм-чатах, піша "Наша Ніва".


Затрыманне ў Гродне

Сілавікі апублікавалі "пакаяннае" відэа з гарадзенцам Сяргеем Чапелем, дзе яго прымушаюць казаць аб тым, што ён быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, верагодна гаворка ідзе пра 6 верасня 2020 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства