viasna on patreon

Ад 7,5 да 9 гадоў калоніі. Музыкаў TOR BAND асудзілі да вялікіх тэрмінаў Дапоўнена

2023 2023-10-31T13:05:34+0300 2023-10-31T16:31:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/torband1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка агучылі прысуд па крымінальных справах супраць музыкаў вядомага беларускага гурта "Tor Band", чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Як піша "Гомельская вясна", Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу — дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. Усім прызначылі ўзмоцнены рэжым і яшчэ па 100 базавых велічыняў штрафу (па 3 700 беларускіх рублёў). Такі прысуд вынес суддзя Сяргей Салоўскі. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме паўтара месяца.

Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка 2022 года ў Рагачове. Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні сацсеткі і песні гурта прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі", а гурт быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем" — цяпер іх за гэта асудзілі, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксаУ залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
  • арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Як стала вядома "Радыё Свабодзе", Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду, ён нават ня мог устаць. На прысудзе, які быў адкрытым, былі сваякі музыкаў.

"Яны ўсе плакалі падчас прысуду. Адна са сваячак у час агучвання прысуду страціла прытомнасць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён з цяжкасцю перасоўваецца. Ён нават не ўставаў пад час агалошвання прысуду – суддзя Сяргей Салоўскі яму дазволіў", – распавяла Свабодзе крыніца.

Вядома, што Яўгену Бурло патрэбная аперацыя тазабедранага сустава. Яму абяцалі яе правесці.

"Стан здароўя ў яго вельмі кепкі", – дадала крыніца.


Падтрымайце музыкаў грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі, лістамі і паштоўкамі:

СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Яўген Валер'евіч Бурло, Дзмітрый Валер'евіч Галавач, Андрэй Канстанцінавіч Ярэмчык

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства