viasna on patreon

Алег Мацкевіч: "Я да апошняга моманту чапляўся зубамі за Беларусь, за свой Барысаў"

2023 2023-11-16T10:59:00+0300 2023-11-16T15:48:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mackevich-vilnia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: spring96.org

Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: spring96.org

Нягледзячы на дзясяткі і сотні тысяч беларусаў, якія праз пераслед рэжыму Лукашэнкі вымушаныя былі пакінуць радзіму, у Беларусі і дагэтуль застаецца нямала людзей – патрыётаў, актывістаў, праваабаронцаў, якія адчуваючы высокую рызыку рэпрэсій, а то і крымінальнага пераследу, да апошняга спрабуюць нешта пазітыўнае рабіць дома. Зусім нядаўна сярод іх быў і праваабаронца "Вясны" з Барысава Алег Мацкевіч. Чаму быў вымушаны з’ехаць і ён – даведаемся з першага інтэрв'ю праваабаронцы ў бяспецы.

 – Што паслужыла штуршком для прыняцця такога вельмі няпростага рашэння? – запытваемся мы ў Алега.

– Сапраўды гэта быў такі крок адчаю, бо да апошняга моманту, як кажуць, я чапляўся зубамі за Беларусь, за свой горад Барысаў. У падсвядомасці гэтая думка сядзела даўно, разумеў, што рана ці позна давядзецца з'ехаць. Зыходзіў з таго, што сілавікі не пакідалі мяне ў спакоі, хаця "прэсавалі" можа і не так жорстка, як некаторых іншых. Але за тры апошнія гады ў мяне дома адбыліся тры брутальныя ператрусы, асабліва апошні, калі цягам чатырох гадзін, без майго ўдзелу, бо я быў тады арыштаваны, перавярнулі ўсю кватэру, зламалі шмат рэчаў, спрабавалі нават выламаць замураваны ў сцяну сейф, у якім я наўмысна трымаў для такой сітуацыі некалькі пратэрмінаваных прэзерватываў, паламалі пры гэтым кавалак сцяны. Ведаў, што трэба будзе з’ехаць, але не думаў, што гэта здарыцца так хутка і імкліва. Я выбіраў паміж свабодай і турмой.

– А што сталася крайняй кропкай для выбару на карысць свабоды?

– Мае сябры восьмага лістапада паведамілі ў мэсэнджары аб тым, што я ўключаны ў  “экстрэмісцкае" фармаванне "ex-press.livе" і маё прозвішча было пазначана сярод людзей, якія нібыта маюць дачыненне да гэтага барысаўскага СМІ. Гэта было рашэнне КДБ Беларусі ад 24 кастрычніка.


За стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" прадугледжваецца адказнасць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, а роўна фармавання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем – караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.


Тады, літаральна праз паўгадзіны, я прыняў рашэнне з’язджаць з Беларусі. Ужо на наступны дзень, прымаючы меры асцярогі, выехаў, як кажуць, у невядомым накірунку.

mackevich-vilnia-2.png
Фота: spring96.org

– Якія пачуцці і хваляванні пры гэтым ты перажыў, ці адчуваў небяспеку?

– Не памылюся, калі скажу, што напэўна ва ўсіх, хто так спешна пакідае радзіму, аднолькавы душэўны стан. Гэта найперш – два дні абсалютнай ломкі. Бо калі ты ўсведамляеш, што неабходна зрабіць гэты крок, то ўсе твае душэўныя струны працівяцца такому рашэнню, робяць усё насупраць гэтаму. Калі збіраўся ў дарогу – часу было вельмі мала, таму выехаў з адным заплечнікам. У прынцыпе, гэта і зборамі не назавеш. Паколькі дома на той час не знаходзіўся, то частка самых неабходных рэчаў была ўжо са мной, а нешта здабыў з кватэры праз знаёмых, паколькі дахаты вяртацца было небяспечна. Узяў запасную бялізну, шкарпэткі, швэдар і гігіенічныя сродкі. Вось і ўсё.

– Як чалавек актыўны, ты маеш шмат знаёмых і сяброў, сам увесь час знаходзіўся ў Беларусі. Як адчуваюць сябе людзі там, што думаюць, ці мяняюцца іх светапогляды?

– Можна шмат распавядаць на гэтую тэму, але пра многае не раскажаш. Бо гэтыя словы будуць чытаць не толькі тыя, хто спачувае мне, хто блізкія па духу і грамадзянскай пазіцыі, але і іншыя, якіх можна назваць нашымі ворагамі… Таму скажу коратка: зараз нармальнае жыццё нармальных людзей практычна цалкам сышло ў прыватнае жыццё, стала не такім публічным, як раней. У Беларусі застаецца вельмі шмат прыстойных людзей – і тут Лукашэнка са сваімі апрычнікамі, якія паставілі за мэту вынішчыць усё свядомае, выціснуць з краіны нармальных людзей, ніколі гэтай мэты не дасягнуць. Такіх людзей вельмі шмат. І гэтыя людзі знаходзяцца ў тым ліку там, дзе павінна быць апора рэжыму, але яе там няма. У вайсковым асяродку, у міліцыі, іншых сілавых структурах. Я гэта дакладна ведаю.

Так, зараз трэба думаць пра сваю бяспеку, думаць як і што можна казаць публічна і ўслых. Ну а мне можа проста не пашанцавала, так склаліся абставіны, што я вымушаны быў з’ехаць.

mackevich-vilnia-3.png
Фота: spring96.org

– У сацыяльных сетках, ды і ў СМІ таксама, раз-пораз узнікае сітуацыя, калі беларусы, якія пакінулі радзіму і тыя, хто застаўся там, выказваюць адзін адным нейкія крыўды, дыскутуюць пра тое, хто большы патрыёт, а хто здраднік. Што на гэты конт думаў ты і твае знаёмыя, і як лічыш зараз?

– Дзякуй Богу, што і я, і мае сябры не належаць да тых людзей, якія нейкім чынам маглі кпіць з тых, хто з’ехаў. Не было ў маім асяродку сярод тых, хто з’ехаў раней, такіх, хто цкаваў бы іншых. Для ўсіх адэкватных людзей, на маю думку, важна тое, што чалавек робіць, і тут ужо няважна дзе.

– Як адчуваеш сябе ў новым, бяспечным, месцы, якія планы і спадзяванні?

 Зараз я крыху прыходжу ў сябе, паволі набываю душэўную раўнавагу, з якой быў выбіты апошнімі падзеямі тыдзень таму. Зараз самае першае і неабходнае – гэта прыйсці ў сябе. Пачаў займацца наладжваннем свайго побыту, і разумею што гэта зойме пэўны час і будзе вымагаць пэўных высілкаў. Думаю, знайду ў сабе сілы, каб адаптавацца тут і працягваць сваю праваабарончую справу. Камунікацыі засталіся, і тут лукашысты не змогуць перашкодзіць камунікаваць і аказваць дапамогу тым, хто застаецца ў краіне.

І яшчэ… я ўсё роўна вярнуся ў Беларусь, рана ці позна.

Алег Мацкевіч: "Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей"

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы БДПЧ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства