Новыя факты палітычнага пераследу беларусаў 24-27 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-27 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК затрымаў мужа і жонку за ўдзел у акцыі пратэсту трохгадовай даўніны
Пра затрыманне стала вядома 27 лістапада з "пакаяльнага" відэа. У ім сілавікі пагражаюць сужэнцам крымінальнай справай.
Сантэхніка з Бабруйска затрымалі за фінансаванне "экстрэмісцкай дзейнасці"
"Пакаяльнае" відэа з затрыманым з'явілася ў праўладным тг-канале 27 лістапада. У ім мужчына кажа, што працуе сантэхнікам у Мінску, а затрымалі яго за фінансаванне "экстрэмісцкай дзейнасці" ў жніўні 2020 года.
Палітвязня Сяргея Трацюка перавялі на турэмны рэжым. Заўтра ён адзначыць Дзень народзінаў
Пра гэта паведаміла 27 лістапада "Берасцейская Вясна".
Сяргей — жыхар Брэста, да зняволення працаваў токарам, мае непаўнагадовую дачку. Яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) за ўдзел у акцый пратэсту ў Брэсце ў жніўні 2020 года.
8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Сяргею прызначылі 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Са студзеня 2022 года Сяргей адбываў тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22.
У Івацэвічах 7 ліпеня адбыўся суд па замене Трацюку рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Васіля Аўрусевіча яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4 да заканчэння тэрміну.
Падтрымайце палітвязня: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Сяргей Іванавіч Трацюк
ГУБАЗіК адсправаздачыўся аб затрыманнях у Баранавічах
Як паведамілі 27 лістапада ў адным з праўладных тг-каналаў, затрыманыя ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паведамляецца, што частка з іх нядаўна вярнулася ў Беларусь з-за мяжы.
Facebook-старонка былога палітвязня Іллі Міронава прызнаная "экстрэмісцкай"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёну Віцебска 20 лістапада.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-канал "AntiZona";
- Instagram-старонка "za_svabodu";
- TikTok-старонкі "Просто Jason", "АНАТОЛЬ_ANATOLE".
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 21 чалавека — цяпер у ім 3541 прозвішча
24 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі зваршчыка з Белаазёрску Вадзіма Говіна, футбольнага трэнера Артура Мустыгіна, асуджанага пасля вяртання з Польшчы Міхаіла Мякеку.
Да допіса далучыны апошні "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
У Ваўкавыску за "распаўсюд экстрэмізму" затрымалі ўраджэнца Украіны
Пра затрыманне стала вядома 26 лістапада. На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што падставай для затрымання стала апублікаваная ім у інтэрнэце БЧБ-сімволіка. У канцы відэа мужчыну прымусілі абразіць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Не выйшаў на волю пасля 15-ці сутак арышту гамяльчук Аляксандр Канеўскі
Аляксандр - сын вядомай грамадскай дзяячкі Таццяны Канеўскай.
З ІЧУ ён павінен быў выйці яшчэ 21 лістапада. Па стане на 24 лістапада месца знаходжання Аляксандра і прычыны яго другога затрымання невядомыя.
Як паведаміла "Гомельская вясна", 23 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля суддзя Казачак В. разглядаў адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у адносінах да Аляксандра. Вынік пастановы невядомы.
Сілавікі затрымалі ўдзельніка стачкі Мінскага электратэхнічнага завода
"Пакаяльнае" відэа з затрыманым 24 лістапада з'явілася ў праўладным тг-канале.
Як паведаміла "Выборы видишь", мужчыну прымусілі сказаць, што ён пісаў негатыўныя каментары "ў бок супрацоўнікаў міліцыі".
У Магілёве затрымалі трэнера па каратэ
Як паведаміла "Медыязона" 24 лістапада, затрыманага завуць Расціслаў Лосеў.
На "пакаяльным" відэа Расціслаў кажа, што "з 2020 года ў розных тг-каналах пісаў гнеўныя каментары". Таксама мужчына кажа, што зарэгістраваўся ў чат-боце плана "Перамога".
У Рэчыцы затрымалі мужчыну за сарваны дзяржаўны сцяг
Начальнік аддзелу ГУБАЗіК па Гомельскай вобласці Алег Кашын 24 лістапада пракаментаваў, што сарваны сцяг знайшлі каля будынку юрыдычнай кансультацыі супрацоўнікі ЖКГ - ён быў прывязаны да слупа дарожнага знака.
Затрымалі падазраванага 41-гадовага мясцовага жыхара з дапамогай АМАПу.
Youtube-канал "Жопа з вусамі" прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"
Як паведаміла "Медыязона", гэта канал з сатырычнымі мультфільмамі "пра жопу з вусамі, якую нельга называць" і пра навіны Беларусі.
Такое рашэнне прыняло МУС 22 лістапада.
Сацсеткі і сайт штаба Віктара Бабарыкі і партыі "Разам" прызнаныя "экстрэмісцкімі" матэрыяламі
Такое рашэнне прыняў Ленінскі суд Гродна 21 лістапада.
Таксама прызналі “экстрэмісцкімі” сайт і сацсеткі ініцыятывы пра палітвязняў politzek.me .
"Письма солидарности" - "экстрэмісцкія" матэрыялы
Суполку ў Facebook "Письма солидарности Беларусь 2020" прызналі "экстрэмісцкай".
Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Брэста 20 лістапада 2023 года.