Заява аб прызнанні шасці новых палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
28 лістапада 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, што выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што ёю праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Леанід Райчонак асуджаны паводле ч. 2 арт. 361-3 КК за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам, што ваююць на баку Украіны, да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Маставы асуджаны паводле ч. 1 арт. 356 КК паводле надуманага абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і паводле ч. 1 арт. 361-4 КК за перадачу звестак беларускаму пратэснаму інфармацыйнаму рэсурсу да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Юрый Юрэня асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі, да пяці гадоў калоніі;
- Віталь Санько ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 і 361-4 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
- Уладзімір Фішман утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт. 361-4 КК за рэгістрацыю ў пратэснай тэлеграм-групе; абвешчанай уладамі экстрэмісцкім фармаваннем;
- Анатоль Старасвецкі ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Леаніда Райчонка, Дзмітрыя Маставога, Юрыя Юрэню, Віталя Санько, Уладзіміра Фішмана, Анатоля Старасвецкага,
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Lawtrend;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі ПЭН;
Human Constanta.