viasna on patreon

Аблава на раварыстаў, абнаўленне спіса "экстрэмістаў": хроніка пераследу 28-29 снежня

2023 2023-12-29T16:00:00+0300 2023-12-29T16:08:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_navapolack_ravarysty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-29 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі беларуса, які вярнуўся ў краіну на святы

zatrymanne_iljustratyunae-fota_2.jpg
Ілюстратыўнае фота

Праўладны тэлеграм-канал паведаміў 29 снежня, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Ён больш за год жыве ў Польшчы, а на святы вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У "пакаяльным" відэа мужчына называе сваё імя — Станіслаў Ігаравіч. 


Затрыманы каталіцкі вернік Арцём Кабылкоў

Арцём Кабылкоў
Арцём Кабылкоў

У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з затрыманым. Сілавікі не змаглі зняць з ім «пакаяльнае» відэа, бо мужчына адмовіўся каментаваць свае дзеянні на камеру.

Арцём Кабылкоў паходзіць з Ульскай парафіі, з'яўляецца актыўным вернікам, ходзіць у пілігрымкі, быў членам моладзевага душпастырства і пэўны час навучаўся ў Пінскай духоўнай семінарыі. Хлопец жыў у невялічкай вёсачцы ў Віцебскай вобласці, паведаміла 29 снежня "Хрысціянская візія".


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 13 чалавек — цяпер у ім 3654 прозвішчы

29 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі Сняжану Цадаву — жанчыну, якая выклала ў TikTok відэа інцыдэнта супрацоўніка ДАІ і сваёй дачкі.


"Раварысты выношвалі і абмяркоўвалі планы па звяржэнні ўлады". Сілавікі пацвердзілі аблаву на дзясяткі чалавек у Наваполацку

У Наваполацку і Полацку затрымалі больш за 30 чалавек, звязаных з чатам аматараў велапрабегаў, расказалі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".

"На жаль, назіраецца негатыўная тэндэнцыя ўступлення ў закрытыя, невядомыя чаты. Як паказвае практыка, мэта стварэння такіх суполак нясе дэструктыўны характар. З прыкладаў — чат аматараў велапрабегаў. У дадзеным чаце пачалі публікаваць розныя заклікі да выхаду на несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

Як следства, гэты чат ператварыўся ў супольнасць, у якой выношвалі і абмяркоўвалі планы па звяржэнні дзейнай улады неканстытуцыйным шляхам. З гэтай нагоды праваахоўнымі органамі было затрымана больш за 30 чалавек", — паведамілі ў прапагандысцім рэпартажы.


У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні" — Facebook-суполка "Письма Солидарности Беларусь 2020" і платформа "Новая Беларусь"

Адпаведныя рашэнні прынятыя КДБ 26 снежня.

Асобна пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненні да ініцыятываў:

  • "Письма Солидарности Беларусь 2020": Касінерава Марына Сяргееўна, Дзяшук Іван Іванавіч, Малец Наталля Альбертаўна, Пагадаева Ірына Анатольеўна.
  • "Новая Беларусь": Лібер Павел Іванавіч, Ліхачэўскі Яраслаў Аляксандравіч.

Палітвязня Ігара Аліневіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Паводле інфармацыі тг-канала "Право на восстание", у снежні Ігара закідвалі ў штрафны ізалятар. Прычыны і тэрмін невядомыя.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жадзіна. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Падтрымайце Ігара лістамі, тэлеграмамі і паштоўкамі: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу


ГУБАЗіК затрымаў беларуса за "фэйк аб марадзёрстве вагнераўцаў"

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына нібыта "вырашыў запусціць фэйк аб тым, што ў Асіповічах вайскоўцы ПВК "Вагнер" марадзёрствуюць, крадуць і ўвогуле трымаюць у страху ўвесь горад".

Паведамляецца, што затрыманаму больш за 60 гадоў.


Гомельскі блогер Максім Філіповіч, верагодна, трапіў на суткі

maksim-filipovicz.jpg
Максім Філіповіч

Праваабаронцам "Гомельскай Вясны" 28 снежня стала вядома, што над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Нагадаем, у 2017 годзе Філіповіч стаў вядомы падчас пратэстаў супраць закону "аб дармаедстве". Але неўзабаве пасля гэтага стаў выступаць з крытыкай пратэсту і дэмакратычных сілаў. Падчас расейскага ўварвання ва Украіну блогер падтрымаў Расію.


У Гомелі за "здраду дзяржаве" затрымалі цэлую сям'ю

zatrymanne_ljustratyunae-fota_1.jpg
Ілюстратыўнае фота

Як паведаміла "Гомельская Вясна" 28 снежня, маці, бацька і двое іх дзяцей знаходзяцца ў гомельскім СІЗА № 3.

Гэта сужэнцы Прохаравы Васіль Васільевіч (працаўнік будоўлі) і Ларыса Іванаўна (санітарка ў ГГКБ №3), а таксама іх дзеці Анастасія (медсястра ў абласной лякарні) і Павал (працаўнік будоўлі).

Сямейству ставяць у віну арт. 356 КК РБ (здрада дзяржаве). Што такога сямʼя зрабіла, каб кожнага з іх абвінавацілі па такім сурʼёзным артыкуле – невядома. Кожнаму з іх пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства