Новыя затрыманні і ціск на родных каліноўцаў: хроніка пераследу 27-28 лютага Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-28 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У чарговы раз быў затрыманы лекар Руслан Бадамшын
Папярэдне, затрыманне адбылося 28 лютага раніцай, пасля лекара-неўролага павезлі ў Фрунзенскі РАУС.
Вядома, што Бадамшына затрымлівалі як мінімум пяць разоў пасля выбараў — на яго складалі пратаколы і арыштоўвалі.
За данаты затрыманы жыхар Слуцка — супраць яго распачалі крымінальную справу
Праўладныя тэлеграм-каналы 28 лютага паведамілі пра затрыманне жыхара Слуцка, які нібыта ў 2022 годзе зрабіў данат праекту NEXTA. На пакаяльным відэа хлопец кажа, што супраць яго распачалі крымінальную справу і "бліжэйшыя 8 гадоў ён правядзе ў турме".
У Віцебску 28 лютага зноў судзілі прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву
Пра гэта паведаміў тг-канал "Витебск, я гуляю!".
Яе абвінавачвалі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і арт. 19.10 КаАП (прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі).
Першы судовы працэс у дачыненні да вядомай віцебскай прарасійскай актывісткі адбыўся 15 лютага — паводле інфармацыі праваабаронцаў, па выніках таго пасяджэння яе справу адправілі на дапрацоўку.
Сілавікі апублікавалі "пакаяльнае" відэа з жыхаром Магілёва
У відэа ад 28 лютага сцвярджаецца, што яго затрыманне нібыта звязанае з чат-ботам "плана Перамога".
Сілавікі выклалі чарговае відэа з бацькам Дзяніса Урбановіча. Хлопец ваюе на баку Украіны
У роліку мужчыну прымусілі заклікаць сына кідаць вайну і вяртацца дамоў — «можа не расстраляюць тут, 10 лет адседзіш».
Падобныя відэа з бацькам Дзяніса сілавікі публікавалі ўжо неаднаразова.
Гомельскія сілавікі пахваліліся тым, як разграмілі кватэру палітычнай эмігранткі
Гаворка пра кватэру псіхалагіні Алы Марціновіч. Пра гэта стала вядома 28 лютага.
Сілавікі выламалі дзверы, раскідалі і зламалі рэчы ў кватэры. Паведамляецца, што ў дачыненні да жанчыны распачата крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Пастара з Новалукомля Аляксандра Зарэцкага арыштавалі на 15 сутак — яго затрымалі за малітву за Украіну
Аляксандр Зарэцкі, пастар евангельскай царквы Новалукомля (Чашніцкі раён, Віцебская вобласць) быў затрыманы 22 лютага за тое, што падчас набажэнстваў у яго абшчыне гучала малітва за спыненне вайны ва Украіне, пісала "Хрысціянская візія".
Раней мясцовыя ідэолагі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі пастару з гэтай нагоды і пагражалі пераследам. Незадаволенасць уладаў выклікала і тое, што пастар таксама адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, якія яны ладзяць.
Сёння стала вядома, што святару прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У Быхаве затрымалі і адправілі пад варту 54-гадовага мужчыну — ён сарваў чырвона-зялёны сцяг
Паводле інфармацыі Быхаўскай пракуратуры, у ноч з 16 на 17 лютага мужчына ішоў міма крамы ў вёсцы Новы Быхаў, на якой вісеў чырвона-зялёны сцяг з арнаментам.
Нібыта "жадаючы прадэманстраваць сваё абразлівае стаўленне да дадзенага сімвала", быхаўчанін хацеў спачатку збіць яго палкай. Калі ў яго гэта не атрымалася, ён з дапамогай лесвіцы дацягнуўся да сцяга і выламаў яго з дрэўкам. Чырвона-зялёнае палотнішча ён схаваў на гарышчы гаспадарчай пабудовы.
Праз некалькі дзён мужчыну затрымалі. Яму прад'яўлена абвінавачанне па арт. 370 КК РБ (здзек з дзяржаўнай сімволікі), паведаміў 27 лютага тг-канал MAYDAY.TEAM.
Сілавікі затрымалі дваіх жыхароў Брэста
Паводле "пакаяльнага" відэа ад 27 лютага, іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.
Сілавікі затрымалі сужэнцаў за ўдзел у пратэстах
На "пакаяльным" відэа ад 27 лютага жанчына кажа, што падтрымлівала Украіну, удзельнічала ў акцыях пратэсту, малявала плакаты і нібыта пакідала "абразлівыя каментары" пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады.
ГУБАЗіК адсправаздачыўся аб затрыманні жанчыны
У "пакаяльным" відэа ад 27 лютага сцвярджаецца, што яна нібыта пакідала абразлівыя каментары пра сілавікоў і Лукашэнку.