viasna on patreon

Патрабуем рэабілітацыі 22 асуджаных удзельнікаў мірных сходаў

2024 2024-02-28T18:15:30+0300 2024-02-28T19:01:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_14_viasna8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

27 лютага 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:

  • свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; гэта свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых асоб;
  • улады Беларусі адвольна змяшчалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць праследаваць у крымінальным парадку ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту; пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні іх палітычнымі зняволенымі;
  • улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна праследаваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, паражаць іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці;
  • праваабарончай супольнасцю за названы перыяд былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі больш за 1 000 удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў той час, калі тыя былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра амаль 2 000 асуджаных за гэта да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту;

У адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз яго палітычныя, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў ды інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

Асуджаныя выключна за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў поўнай меры і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.

Нам вядомыя імёны і абставіны спраў наступных людзей, якія адвольна, у пакаранне за ажыццяўленне права на мірныя сходы былі пазбаўленыя волі: былі заключаныя пад варту, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, і адбывалі пакаранне, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды:

Дзмітрый Карпаў, Усевалад Жураўлёў, Вольга Тачоная, Марына Шантыр, Мікалай Давідчык, Варвара Мядзведзева, Іна Шляжко, Мікалай Шляжко, Ганна Шэіна, Сняжана Марозава, Раман Кур’яновіч, Максім Бушчык, Аляксандра Шыдлоўская, Мікіта Новік, Мікіта Машута, Аляксандр Васюковіч, Іван Станкевіч, Віталь Пупін, Уладзіслаў Лагойка, Віталь Палякоў, Аляксей Дмухоўскі, Сяргей Гучок.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў па брутальным падаўленні мірных акцый пратэсту і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня 2020 года на ўлады Рэспублікі Беларусь. Далейшыя пратэсныя выступы таксама мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ды іншых грамадска-значных падзей.

У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • адмяніць адвольныя прысуды ў дачыненні да пералічаных у заяве асоб, ажыццявіць іх поўную рэабілітацыю і пакрыць ім шкоду, прычыненую адвольным крымінальным пераследам;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства