Палітвязня другі раз судзяць за данаты. Не дапамаглі нават водкуп і прашэнне аб памілаванні
Палітзняволенага айцішніка Аляксандра Зіязэтдзінава восенню 2022 года ўжо асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17. Але 29 лютага ў Мінскім гарадскім судзе яго зноўку пачынаюць судзіць. Айцішніка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Цяпер мужчыне пагражае да 15 гадоў калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Шылько. Некалькі месяцаў таму выйшаў прапагандысцкі фільм з ім, дзе ён распавёў пра водкуп і прашэнне аб памілаванні. Распавядаем, што вядома пра новую справу супраць палітвязня.
У сярэдзіне кастрычніка 2023 года выйшаў прапагандысцкі фільм АТН "ПОСЛЕДНИЙ ПЕРЕВОД. БЕНЕФИЦИАР – ТЕРРОРИЗМ: разоблачение тех, кто спонсирует преступников", дзе ў тым ліку паказалі ў калоніі Аляксандра Зіязэтдзінава. У палітвязня была "жоўтая бірка" экстрэміста.
У фільме заяўлялася, што яго затрымалі — а пазней і асудзілі на тры гады — па адным эпізодзе пераводу грошай, але пазней выявілі яшчэ.
"Другі эпізод быў [знайшлі], калі я ўжо тут [у калоніі] знаходзіўся. Мне прапанавалі пакрыць шкоду",— кажа сам Аляксандр.
У фільме паказалі засакрэчанага аператыўнага супрацоўніка ДФР, які заяўляе, што Зіязетдзінаў "не быў да канца шчыры са следствам і схаваў пяць крыптавалютных плацяжоў на 16 тысяч рублёў". У выніку ён пералічыў на рахункі медыцынскіх установаў "круглую суму", абмяняўшы 31 біткоін. Акрамя гэтага, ён падаў хадайніцтва Аляксандру Лукашэнку аб памілаванні. У фільме, які выйшаў у кастрычніку, казалі, што ён чакае рашэнне. Відаць, яно апынулася адмоўным. Цяпер яго зноўку судзяць — па яшчэ больш цяжкіх артыкулах.