viasna on patreon

Затрыманага ў Брэсце Віталя Чопіка вазілі ў шпіталь са слядамі моцнага збіцця Дапоўнена

2024 2024-03-29T10:45:57+0300 2024-03-29T12:34:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chopik-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віталь Чопік. Скрыншот з відэа.

Віталь Чопік. Скрыншот з відэа.

"Брэсцкая вясна" распавяла падрабязнасці пра збіццё і катаванні ў дачыненні да затрыманага напачатку сакавіка 40-гадовага жыхара Брэста, які хадзіў на палітычна матываваныя суды.

Нагадаем, 28 сакавіка 2024 года МУС паведаміла, што ў СІЗА змясцілі 40-гадовага жыхара Брэста, які хадзіў на суды.

У прыватнасці БелТА пісала, што мужчына "разам з саўдзельнікамі... сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў”.

Брэсцкія праваабаронцы пішуць, што гаворка ідзе пра Чопіка Віталя Віктаравіча. Сваякі некаторых палітвязняў, як і людзі, якіх судзілі ў Берасці ў палітычных справах, маглі яго бачыць у будынку суда цягам апошніх трох гадоў.

Тое, што на палітычныя суды Віталь Чопік хадзіў часта, заўважылі таксама і брэсцкія прапагандысты. Яго здымалі на камеру пасля такіх судоў і спрабавалі задаваць пытанні. Закадравы голас паказвае ў кадры Чопіка і называе мужчыну “заўсёднікам” падобных судоў: маўляў, “рэгулярна наведвае судовыя працэсы, дзе абвінавачаныя — прыхільнікі апазіцыйных поглядаў”.

Паводле звестак, атрыманых у розны час ад крыніц “Брэсцкай вясны” вядома, што ў мужчыны праводзілі ператрус 1 снежня 2021 года. А ў верасні 2022 года Чопіка затрымалі спачатку па артыкуле 19.11 КаАП, але калі аказалася, што ў мужчыны проста няма тэлефона, дзе могуць быць нейкія “экстрэмісцкія матэрыялы”, то склалі пратакол ужо па арт.24.23 КаАП. Падставай для пратаколу стаў БЧБ-сцяг, прылеплены скотчам знутры да акна дома, хаця сам Чопік сцвярджаў, што сцяг з'явіўся ўжо пасля таго, як яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ.

Напачатку сакавіка 2024 года берасцейца зноў затрымалі. Паводле звестак “Брэсцкай вясны”, пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця, а колер твару Чопіка быў жоўтым (што можа казаць аб пашкоджанні печані праз збіццё).

12 сакавіка быў адміністрацыйны суд паводле арт. 24.3 КаАП за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Як вынікае з рашэння суда, Чопік казаў, што на працягу 1 хвіліны адчыніў дзверы Губазу для ператрусу — але супрацоўнік ГУБАЗа сцвярджаў што гучна патрабаваў адкрыць дзверы цэлых 20 хвілін. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне, кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).

А 28 сакавіка МУС абвясціла што змясціла берасцейца ў СІЗА. Па ўзросце, і па гісторыі мужчыны ("сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах") можна зрабіць выснову, што гаворка менавіта пра Віталя Чопіка. Яго падазраюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", ч.1 арт. 361-4 Крыминальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства