"Вясна" атрымала Прэмію ўніверсітэта Граца за дакументаванне парушэнняў правоў чалавека
Праваабарончы цэнтр "Вясна" у складзе Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці атрымаў прэмію ўніверсітэта Граца ў галіне правоў чалавека за працу па дакументаванні грубых парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці.
Універсітэт Граца ўручыў Прэмію 22 сакавіка 2024 года ў горадзе Грац, Аўстрыя. Гэтым ён выказаў сігнал вольнай і дэмакратычнай Еўропе. На цырымоніі і сімпозіўме прысутнічалі прадстаўнікі і прадстаўніцы DIGNITY — Дацкага інстытута супраць катаванняў, Праваабарончага цэнтру "Вясна", Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў (Беларусь), Еўрапейскага камітэту па папярэджанні катаванняў, Bellingcat, Truth Hounds, Human Rights Watch, а таксама АБСЕ. Падчас цэрымоніі ўдзельнікі і ўдзельніцы абмяркоўвалі палітычны пераслед беларусаў і беларусак. Прысутныя глыбока разумелі кантэкст таго, што адбываецца: напрыклад, падчас узгадвання Марыі Калеснікавай прагучала кампазіцыя з удзелам флейты.
Беларусь не перастае сыходзіць з фокусу
Пасля ўручэння прэміі адбылося пленарнае пасяджэнне, дзе абмеркавалі падыход, арыентаваны на ахвяр, практыку прымянення і магчымасці выкарыстання для расследаванняў матэрыялаў з адкрытых крыніц, унікальнасць Платформы і магчымасць выкарыстанне досведу ў іншых сітуацыях у іншых краінах. "Вясна" падзялілася сваім досведам працы з ахвярамі, грунтам для якога з'яўляецца павага, прыняцце і індывідуальны падыход да ўсіх пацярпелых, з якімі спецыялісты і спецыялісткі камунікуюць падчас дакументавання. Гэта знайшло водгук у прысутных.
"Для універсітэта свабода выкладання і даследаванняў мае першараднае значэнне. З гэтым непарыўна звязаны такія каштоўнасці, як свабода ад незаконных пераследаў, свабода выказвання меркаванняў і свабода фармаваць сваё жыццё ў адпаведнасці са сваімі ідэямі, — сказаў Пітэр Рыдлер, рэктар універсітэта Граца. — Узнагарода IAPB з'яўляецца выказваннем гэтай прыхільнасці і падкрэслівае важнасць правоў чалавека для нашага універсітэта".
Расмус Грю Крыстэнсэн, кіраўнік няўрадавай арганізацыі DIGNITY, якая ўзначальвае IAPB, адзначыў, што гэтая ўзнагарода — важнае прызнанне ўнікальных і інавацыйных асаблівасцяў IAPB:
"Цяпер у турмах знаходзяцца каля 1500 палітвязняў", — нагадаў ён, апісваючы сітуацыю ў Беларусі. — Вызваленыя з турмы працягваюць паведамляць, што іх катавалі ў турме і падвяргалі іншым формам жорсткага абыходжання. Беларусы, якія бягуць з краіны, рызыкуюць экспрапрыяваць пакінутую імі маёмасць і страціць грамадзянства".
Прадстаўніца "Вясны" Паліна распавяла, што падчас імпрэзы шмат увагі надзялялі росту рэпрэсій, умовам утрымання беларусаў у месцах зняволення, практыку інкамунікада і пераслед беларусаў замяжой. Удзельнікі і ўдзельніцы мерапрыемства задавалі іншыя пытанні, каб глыбей зразумець кантэкст, у якім цяпер існуе Беларусь: якім чынам варта называць Лукашэнку? Як сітуацыя зменіцца, калі ён пакіне сваё месца? Як пераследуюць асобныя групы насельніцтва?
"Мы падрабязна адказвалі на ўсе пытанні, — адзначыла Паліна. — На мерапрыемстве прысутнічала шмат людзей, у тым ліку і студэнты ўніверсітэта розных спецыяльнасцяў – пасля яны падыходзілі і задавалі пытанні, выказвалі сваю падзяку за нашу працу.
Я была адной з нямногіх, хто цяпер непасрэдна мае камунікацыю са сведкамі і пацярпелымі, таму мой досвед быў вельмі важны для прысутных. Мне было важна падзяліцца рэальнымі фактамі гвалту і рэпрэсіяў, якія я чую падчас інтэрв'ю і якія могуць сыходзіць з поля зроку на фоне ўсяго, што адбываецца ў Беларусі.
У сваёй прамове я падзякавала за гонар атрымаць Міжнародную прэстыжную прэмію ў галіне правоў, распавяла пра нашых калегаў, якія ўтрымліваюцца ў зняволенні, працу дакументатараў. Нам было важна мець магчымасць пагаварыць пра шлях, па якім ідзе беларускае грамадства ў сваёй барацьбе за дэмакратыю. Я падкрэсліла, што беларускі народ удзячны за стварэнне Платформы і салідарнасць дэмакратычнага свету ў нашай барацьбе за свабоду. Дасягненне справядлівасці і падсправаздачнасці заўсёды было доўгім шляхам, мы радыя, што можам разам глядзець на свет у цалкам новай перспектыве і ўдасканальваць механізмы правасуддзя. Час не мусіць гуляць на руку тым, хто парушае правы чалавека”.
"Вясна" таксама ўзяла ўдзел у сустрэчах з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі мясцовай беларускай дыяспары, а таксама дала інтэрв'ю для студэнцкага часопісу "Denken + Glaube", закрануўшы праблемы пераследу каталіцкага насельніцтва ў Беларусі.
Як працуе Платформа?
Платформа была створаная ў 2021 годзе, каб дакументаваць злачынствы супраць правоў чалавека ў Беларусі і далейшага прыцягнення вінаватых да адказнасці. За гэты час было задакументавана каля 2500 паведамленняў пацярпелых і сведкаў. Умовы, у якіх працуе Платформа ў Беларусі ўнікальная тым, што ўлады не робяць намаганняў па расследаванні грубых парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці, не прызнаючы іх факту. Таму Платформа па меры магчымага запаўняе гэтыя прабелы.
У складзе Платформы — дзве беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія знаходзяцца ў кантэксце ўсіх падзей і прамой давернай сувязі з беларусамі: Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Міжнародны камітэта па расследаванні катаванняў.
Асноўная мэта платформы — збіраць, кансалідаваць, правяраць і захоўваць інфармацыю і доказы сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, уключаючы катаванні, учыненыя ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і ў наступны перыяд. Ідэя складаецца ў тым, каб стварыць "хаб" або сховішча такой кансалідаванай інфармацыі і высакаякасных доказаў з розных крыніц. Мэта гэтага сховішча — падтрымаць органы пракуратуры і крымінальныя працэсы ў нацыянальных судах, у адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, а таксама любыя іншыя адпаведныя працэдуры прыцягнення да адказнасці. Гэта ўлючае і экспертызу ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, з якой у "Вясны" наладжанае выдатнае і цеснае супрацоўніцтва.
"Вясна" пачала збіраць гісторыі катаванняў з 2020 года. На жаль, гэта праца працягваецца дагэтуль. Мы просім сведак гвалту працягваць знаходзіць мужнасць і мець зносіны з праваабаронцамі.
Калі вы сутыкнуліся з парушэннем правоў чалавека, былі незаконна затрыманыя, пацярпелі ад катаванняў, гвалту (а ён бывае не толькі фізічны) ці жорсткага абыходжання з боку сілавікоў, сутыкнуліся з дрэннымі ўмовамі і бесчалавечным абыходжаннем у месцах зняволення, калі прайшлі праз вобшук ці допыт, ці калі сталі сведкам падобных падзей — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC . Email: viasnadoc@spring96.org.