Затрыманні студэнтаў БНТУ, медыя — "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка пераследу 27-29 красавіка Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-29 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У бацькоў журналіста Аляксандра Корнышава правялі ператрус
Аляксандр Корнышаў — рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news». Ён з’ехаў з Беларусі ў 2020‑м, а сёлета на пачатку лютага ў праграме «Беларус беларусу» на тэлеканале «Белсат» Аляксандр распавёў пра тое, што падчас вымушанай эміграцыі ў яго з’явіліся праблемы са здароўем — у яго выявілі некроз тазабедраных суставаў, таму неабходныя дзве аперацыі па замене суставаў і доўгая рэабілітацыя.
Пасля выхаду перадачы ў эфір у хату да бацькоў Корнышава пачалі рэгулярна наведвацца міліцыянты і следчыя, піша БАЖ.
«Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, дзе я, наколькі зразумелі мае сваякі, маю статус сведкі. Міліцыянты нічога не забіралі, толькі прагледзелі інфармацыю ў камп’ютар і планшэце брата, а таксама праверылі тэлефон бацькі. Маім родным сказалі, што крымінальная справа тычыцца майго інтэрв’ю "Белсату", — маўляў, гэта экстрэмісцкае фармаванне, а я нібыта спрыяю экстрэмісцкай дзейнасці».
Чарговы хапун у Баранавічах — затрымалі як мінімум 5 чалавек
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра масавыя затрыманні ў Баранавічах — як мінімум 5 чалавек абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Усім затрыманым пагражаюць арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў).
Як паведамляе "Медыязона", сярод затрыманых былы палітвязень Пётр Зіневіч, якога асудзілі да двух гадоў «хіміі» за допіс пра міліцыянта. У студзені 2023-га году мужчына цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Новыя "экстрэмісцкія фармаванні"
"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызнаныя выданні "Deutsche Welle Беларусь" і "UDF — Навіны Беларусі". Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 29 красавіка.
Сілавікі затрымалі некалькі студэнтаў БНТУ
Сцвярджаецца, што студэнтамі кіравала грамадзянка Украіны Марыя Місюк. — Прапагандысты сцвярджаюць, што яны былі "завербаваныя СБУ" і планавалі "ўзарваць Беларусь".
У анонсе фільма прапагандыстаў таксама пералічваюцца і іншыя імёны: Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка, Аляксандра Пуліновіч.
Па даносе правакатара з чат-рулеткі затрымалі чарговага беларуса
На відэа сілавікоў паказаны дыялог мужчыны з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы. Затрыманы кажа, што ставіцца да Палка Каліноўскага, як да сваіх, і чакае, калі полк разам з УСУ ўвойдзе ў Беларусь.
Па якім артыкуле затрыманы беларус і дзе цяпер знаходзіцца — невядома.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі Instagram-акаўнты «narodny_reporter» і «da_voli», а таксама старонка ва «Укантакце» «МОВА ТУТ».