За каментары ў тэлеграм-чатах у Гародні судзяць былога айцішніка
Гродзенскі абласны суд 30 траўня працягвае разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Андрэя Бурдзені. Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК).
Судовы працэс пачаўся 27 траўня, суддзя – Мікалай Рачынскі.
Меркаваная дата затрымання Андрэя – 20 верасня 2023 года. У гэты дзень з’явілася “пакаяльнае” відэа, дзе мужчына кажа, што нібыта пісаў негатыўныя каментары на адрас Лукашэнкі, службовых асоб, супрацоўнікаў міліцыі, расейскіх вайскоўцаў, а таксама пагражаў людзям, якія падтрымліваюць дзейную ўладу.
44-гадовага Андрэя Бурдзеню затрымалі за каментары ў тэлеграм-чатах, якіх ён пакінуў больш за тры сотні. Андрэй вучыўся ў школе №6, а пасля служыў у арміі. Вядома, што цяпер ён часова не працуе, але раней нейкі час працаваў у IT-сферы, а яшчэ раней займаўся вытворчасцю кухоннай мэблі і меў сваё ІП, піша “Наша Ніва”.