viasna on patreon

Новыя "экстрэмісты" і затрыманні: хроніка рэпрэсій 19 ліпеня Дапоўнена

2024 2024-07-19T18:56:00+0300 2024-07-22T19:06:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/20210911_ak_syostry_tatyana_franckevich_i_natalya_lobacevich_014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць блогера Антона Матолькі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

36-гадоваму Антону інкрымінаваныя 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх "здрада дзяржаве".

Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.


Затрымалі маці і цёцю палітвязня Аляксандра Францкевіча

20210911_ak_syostry_tatyana_franckevich_
Наталля Лабацэвіч і Таццяна Францкевіч

Пра гэта піша «Радыё Свабода», спасылаючыся на крыніцы з групы сваякоў палітвязняў.

Паводле крыніцаў, разам з Таццянай Францкевіч у калонію прыехала яе сястра Наталля Лабацэвіч — маці былога палітвязня Іллі Лабацэвіча.

"Яе таксама затрымалі", — пацвердзілі сведкі.

Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Аляксандр Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння". Ён асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.


Гродзенец вярнуўся ў Беларусь і трапіў у СІЗА

Мужчына працаваў мантажнікам сонечных панэляў у Нідэрландаў. Ён вярнуўся ў Беларусь. Хлопец распавёў, што зарэгістраваўся ў чат-боце "План "Перамогі", пісаў негатыўныя каментары супрацоўнікам міліцыі і пагражаў ім і іх сем'ям фізічнай расправай.


Старонка ў Instagram Аляксандры Герасімені прызнаная «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Савецкага раёну Мінска 12 ліпеня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Инициатива ДАР», «Blackmap Belarus»;
  • Instagram старонкі «vlad.savinn», «belarusians_suomessa», «Belarus_a_bordeaux»;
  • Youtube-каналы «dokbit», «LongliveBelarus2020», «Margarita Levchuk. Soprano», «Беларусь за МКАДом»;
  • Сацсеткі праекту «Асацыяцыя Палiтвязняў Беларусі»;
  • Facebook-старонка «Yuliyana Shemetovets»;
  • Старонкі ва «Укантакце» ЧС СОЛИГОРСК», »Первое радиоуправление (1РУ)»;
  • Старонка ў «Аднакласніках» «Мы против налога на тунеядство»;
  • TikTok-старонкі «snow_in_by», «Belarus», «Беларусь головного мозга 2.0», «vishnya.bу».

МУС абнавіла "Спіс экстрэмістаў" — дадалі 21 чалавека

19 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". У яго патрапілі 21 чалавек, сярод якіх былы палітвязень Андрэй Анпілогаў, палітвязень з Пінска Сяргей Кулеш, архітэктары Дар'я Мандзік, Раман Забела, Ілля і Таццяна Палонскія, рэдактарка і перакладчыца Анастасія Мацяш

Лаліта Крывец, Арцём Грыбко, Кірыл Крошкін, Андрэй Шчотка.


Ліквідацыя грамадскіх арганізацый

ГА "Беларускае таварыства ўрачоў агульнай практыкі" знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Так 11 ліпеня вырашыў Гродзенскі абласны суд. Аб'яднанне працавала ў г. Гервяты Астравецкага раёна з 2012 года, піша тэлеграм-канал "Право имеют".

Таксама ліквідавалі РФСАА "Беларуская федэрацыя паветрана-сілавой атлетыкі і паветранага эквілібра"

Рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд у той жа дзень — 11 ліпеня.

Арганізацыя зарэгістраваная ў Шчучыне і прапрацавала амаль пяць гадоў. Арганізацыя хацела развіваць паветрана-сілавую атлетыку і праводзіць спаборніцтвы. Арганізацыю стварыла Ірына Чымбур — шасціразовая чэмпіёнка свету па паветрана-сілавой атлетыцы, майстар спорту па сямі дысцыплінах.


У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Медики Гродно"

Гаворка ідзе пра закрыты тэлеграм-чат. Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 16 ліпеня.

Паводле ведамства, дачыненне да чату маюць Віктар Шумель і Данута Каваленка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства