viasna on patreon

18-гадовага хлопца з Быхава судзяць за "здраду дзяржаве" за "сувязі з СБУ"

2024 2024-07-29T10:37:09+0300 2024-07-29T10:37:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shapel_2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёўскім абласным судзе 29 ліпеня пачалі судзіць 18-гадовага хлопца з Быхава Станіслава Шапеля. Яго абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) нібыта за "сувязі з СБУ". Падрабязнасці пераследу Станіслава паведамляліся ў прапагандысцкім фільме АНТ вясной гэтага года. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Павел Клімаў. Хлопцу пагражае ад сямі да 15 гадоў калоніі. 

Станіслаў Шапель. Скрыншот з фільма АНТ
Станіслаў Шапель. Скрыншот з фільма АНТ

Як паведамлялася ў фільме АНТ "Дети на прицеле. Завербованные врагом", Станіслава вінавацяць у тым, што ён згадзіўся быць кур'ерам для "арганізацыі, якую курыравала СБУ".Там яго прадставілі як агента ўкраінскіх спецслужбаў — маўляў, хлопец запісаў відэа, што "гатовы працаваць супраць ФСБ і Пуціна". Але на момант здымкі фільма ён ужо адбываў пакаранне ў калоніі за "махлярства". Як пісала "Наша Ніва", суд адбыўся ў траўні 2024-га. Прысуд невядомы, тэрмін можа складаць ад 3 да 10 гадоў калоніі са штрафам.

Згодна з фільмам АНТ, у студзені 2023 года тады яшчэ 16-гадовы хлопец з шматдзетнай сям'і шукаў працу ў інтэрнэце. Ён натрапіў на махляроў, якія прапанавалі працу кур'ерам — забіраць і перавозіць грошы. Станіславу сказалі запісаць відэа, на якім ён заявіў, што падтрымлівае Украіну і быццам бы згаджаецца працаваць для СБУ.

"Я, Станіслаў Шапель, Магілёў. Выступаю супраць вайны ва Украіне і Пуціна. Падтрымліваю Украіну. Гатовы працаваць супраць ФСБ і пуцінскага рэжыму, перадаваць даныя дыслакацыі расійскіх войскаў і аказваць іншую дапамогу ў вайне супраць Расіі. Буду спансіраваць і працаваць на СБУ. Слава Украіне!" — гаворыцца на відэа.

Сапраўдная пазіцыя хлопца пры гэтым невядомая.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства