У Гродне завочна судзяць журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча
У Гродзенскім абласным судзе 29 ліпеня пачалі завочна судзіць журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самому праваабаронцу. Уладзіміру пагражае да сямі гадоў зняволення завочна. Справу разглядае Ігар Собалеў. 30 ліпеня працэс працягваецца.
Уладзімір Хільмановіч ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года. На ўсю маёмасць журналіста накладзены арышт.
"З юрыдычнага гледзішча тут няма чаго аналізаваць, таму што парушаны ўсе нормы заканадаўства. Уся гэта незаконная крымінальная справа – гэта відавочны спланаваны палітычны пераслед за маю журналісцкую і грамадскую дзейнасць. Відавочна, што "органы" "ідуць па спісе" вядомых гарадзенскіх актывістаў. Многія гады я быў сябрам розных грамадскіх арганізацый, друкаваўся на розных інтэрнэт-сайтах. Таму нават ня ведаю дакладна, да якога "экстрэмісцкага фармавання" яны мяне зараз "прышчапілі". Акрамя артыкулаў, якія мне інкрымінуюць, мне нічога невядома. Ніхто з следчых не рабіў ніякай спробы са мной звязацца, хоць гэта нескладана. Ніхто не інфармаваў на якой стадыі справа і калі яна была пераданая ў пракуратуру і потым у суд. Нават на сайце Следчага камітэту ў раздзеле "спецвытворчасць", дзе я фігурую пад 73-ім нумарам, дагэтуль няма інфармацыі, што расследаванне справы скончана і яна накіравана ў пракуратуру. На судовы працэс павінны былі прызначыць нейкага адваката, але ён таксама са мной не спрабаваў звязвацца. Здзіўляцца, аднак, ва ўмовах татальнага беззаконня, не выпадае", — пракаментаваў сітуацыю Уладзімір "Гарадзенскай праваабароне".