viasna on patreon

Дайджэст вызваленых: мінімум 43 палітвязні ў ліпені выйшлі на волю, 18 з іх — па амністыі і памілаванні

2024 2024-07-31T18:17:30+0300 2024-07-31T18:17:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kastuseu-rygor-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1388 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"), ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па даных "Вясны", у ліпені на волю выйшлі мінімум 43 чалавекі, 20 з якіх цалкам адбылі тэрміны, а 18 вызвалілі па амністыі ці абмене. Яшчэ чатыры палітзняволеныя былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

Палітвязень Іван Дацішын — 3 гады, 8 месяцаў і 9 дзён у зняволенні 

Іван Дацышын. Фота: асабісты архіў бацькоў

Іван— былы студэнт чацвёртага курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ.Хлопца затрымалі ў кастрычніку 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ". 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.

Паводле следства, ён узяў камень і кінуў у бок транспарту з сілавікамі. 18 сакавіка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска яму прызначылі чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень адбываў тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22. Выйшаў на волю 9 ліпеня.

Палітвязень Віталь Шчэрбіч — 3 гады, 7 месяцаў і 16 дзён у зняволенні

Віталь Шчэрбіч

Палітзняволены да затрымання працаваў у медыцынскай лабараторыі "ИНВИТРО", адказваў за рэагентыку. Яго асудзілі да чатырох гадоў калоніі за "падрыхтоўку да масавых беспарадкаў у Мінску" (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК). 

Віталя затрымалі 17 лістапада 2020 года, пры вобшуку ў яго дома знайшлі піратэхнічныя вырабы амуніцыю для страйкболу, а таксама дзевяць "вожыкаў". Усё абвінавачванне мужчыны будавалася на інфармацыі ад мабільнага аператару аб знаходжанні абаненцкага нумара Віталя ў месцах правядзення мітынгаў у жніўні і верасні 2020 года, тэлефоннай размове з маці, пакінутых паведамленняў у тэлеграм-чаце "ОГСБ" ды канфіскаваных рэчах. Віталь сваю віну не прызнаў.

Палітвязень Сяргей Коршун — 3 гады, 11 месяцаў і 26 дзён у зняволенні 

Сяргей Коршун

Сяргей — блогер тэлеграм-канала “Армія з народам”, былы супрацоўнік міліцыі. Яго затрымалі ў ліпені 2020 у межах справы паарт. 342 КК. Потым артыкул Коршуну перакваліфікавалі на 293 КК (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці).

Мінскі абласны суд 7 траўня 2021 прысудзіў Сяргею чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Палітвязень Мікалай Казлоў — 1 год, 11 месяцаў і 25 дзён у зняволенні 

Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org

Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "Маршы новай Беларусі" ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада 2022 года Мікалаю прысудзілі два з паловай гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам.

22 ліпеня Мікалай выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязень Алег Швайко— 1 год, 8 месяцаў і 20 дзён у зняволенні

У судзе Маскоўскага раёну Мінска ў сакавіку 2023 года палітвязню прызначылі два гады калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК за падзеі 2020 году.

Акрамя таго, суддзя вынесла ў асобную грамадзянскую вытворчасць пазоў за "перакрыццё дарогаў" у суме 69 тысяч рублёў. Нядаўна Мінгарсуд пакінуў прысуд Алегу без зменаў.

Швайко працаваў з жаночай камандай у футбольным клубе "Мінск". Вядома, што ён выказваў актыўную пазіцыю наконт падзей у Беларусі ў 2020 годзе. У канцы 2021-га трэнер пакінуў структуру "Мінска" і пачаў трэніраваць дзяцей у іншых футбольных школах.

Палітвязень Аляксандр Мішук — 2 гады, 1 месяц і 29 дзён у зняволенні 

Аляксандр — старшыня незалежнага прафсаюза на "Беларуськаліі". Ён быў затрыманы 25 траўня 2022 года пасля ператрусу ў офісе. 

Яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характара (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) КК. Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук.

Пракуратура паставіла ў віну Аляксандру яго выступ перад работнікамі ААТ "Беларуськалій" з "мэтай стварэння страйкавага камітэту". У сваю чаргу Аляксандр тлумачыў свой выступ як эмацыйны, паколькі ў той час усе знаходзіліся пад уздзеяннем эмоцый з-за масавага гвалту з боку сілавікоў.

Палітзняволеная Святлана Лупач — 1 год, 1 месяц і 25 дзён у зняволенні

Дзяўчыну затрымалі напачатку траўня 2023 года глыбоцкія міліцыянты. У той дзень яна адпачывала на Глыбоччыне разам з сябрамі, міліцыянты прыехалі ў самы разгар адпачынку і спачатку затрымалі ўсіх, але пасля выпусцілі і пакінулі ў міліцыі адну Святлану.

Суд Глыбоцкага суда 3 траўня пакараў яе спачатку 10 суткамі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага над ёй быў яшчэ адзін суд, падчас якога дзяўчыне прызначылі яшчэ 25 базавых велічыняў штрафу. Пазней Святлану перавялі ў віцебскі СІЗА у межах крымінальнай справы. Яе абвінавацілі па "народным" арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Суд прызначыў ёй паўтара года калоніі. Напачатку ліпеня Святлана выйшла з гомельскай калоніі па заканчэнні тэрміну.

Мінімум 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, "датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Але тым не менш, некалькі палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі. Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія трэцяга ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын.

Не менш за 18 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні

Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія трэцяга ліпеня выйшлі на волю.

Сярод вызваленых і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў.

67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымлівалі за кратамі больш за тры гады. У верасні 2022 года Рыгора прызналі вінаватым у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" і асудзілі да 10 гадоў калоніі.

У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анказахворванне. У красавіку яму зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру.

Чацвёра палітзняволеныя выйшлі на волю пасля суда 

У ліпені беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі чатыры палітзняволеныя ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Гэта Раман Забела, Ілля Палонскі, Максім Назарчук і Дар'я Мандзік.

Але гэтыя даныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства