viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2024

2024 2024-08-05T17:44:00+0300 2024-08-06T13:13:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka---800-na-800-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • У Беларусі захоўваецца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій у дачыненні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў; пагроза пераследу актуальная для ўсіх, хто браў удзел у пратэсных выступах ці крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне; пад пагрозай усе тыя, хто выказваў меркаванне ці падтрымліваў пратэсныя структуры.
  • З лета 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі 3 390 чалавек, з іх 615 жанчын. На канец ліпеня 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіўся 1 391 палітзняволены, з іх 180 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 63 чалавек.
  • Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, а таксама Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення свабоды, — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
  • Вядома пра некалькі палітвязняў, якія змяшчаюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада; так, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі больш за год пазбаўлены кантактаў з навакольным светам, у тым ліку ўсярэдзіне калоній.
  • Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю сваіх правоў: у ліпені "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш як 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх не менш за 30 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
  • Праваабаронцы "Вясны" падсумавалі вынікі палітычна матываванага крымінальнага пераследу за чэрвень: колькасць судовых працэсаў паводле палітычна матываваных крымінальным спраў па-ранейшаму застаецца высокай. Згодна з папярэднімі звесткамі, на працягу чэрвеня былі асуджаны мінімум 146 чалавек: 98 мужчын і 48 жанчын. Больш за палову асуджаных пераследваліся за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
  • Паводле абвінавачвання ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту і іншых злачынстваў "экстрэмісцкага" характару грамадзянін ФРГ Рыка Крыгер быў асуджаны да смяротнага пакарання. Гэта першы ў Беларусі прысуд да выключнай меры пакарання за дзеянні, што не пацягнулі чалавечых ахвяраў.
  • Улады па-ранейшаму папаўняюць спісы асобаў і фармаванняў, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • Праваабаронцы "Вясны" працягваюць рэгулярна выяўляць і дакументаваць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі паводле палітычных матываў; зняволеныя пазбаўленыя належнага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання.
  • У сваім заключным штогадовым дакладзе Савету па правах чалавека ААН спецыяльная дакладчыца ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн раздзяліла даўнюю занепакоенасць ААН і міжнароднай супольнасці з нагоды задушэння дэмакратычных свабод і іншых сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
  • Еўрапейская служба вонкавых дзеянняў заявіла, што ў краіне па-ранейшаму застаецца больш як 1 400 палітычных зняволеных, у тым ліку вязняў, якія не маюць магчымасці кантактаваць з тымі, хто знаходзіцца на волі, на працягу нявызначанага часу, якія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, старэйшыя за 60 гадоў, няпоўнагадовых, людзей з інваліднасцю, а таксама з псіхічнымі захворваннямі. Некаторыя з гэтых зняволеных маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе і знаходзяцца ў небяспечным для жыцця стане. ЕС заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Палітычныя зняволеныя

Паводле стану на 31 ліпеня, у Беларусі налічваўся 1 391 палітзняволены, з іх 180 жанчын. Акрамя таго, больш як 2 000 палітзняволеных, з іх 437 жанчын, ужо вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем пакарання, не злучанага з пазбаўленнем волі, амністыяй, памілаваннем, альбо памерлі ў зняволенні. Такім чынам, сумарная колькасць палітвязняў і былых палітвязняў дасягнула 3 391 чалавека, сярод якіх 615 жанчын.

За ліпень праваабаронцы прызналі палітзняволенымі 63 чалавек. Сярод іх 12 чалавек — затрыманыя і пазбаўленыя волі за ўдзел у мірных сходах (заява ад 30 ліпеня), 23 чалавекі — згодна з дыфамацыйнымі абвінавачваннямі (заявы ад 5 ліпеня і 31 ліпеня), 13 чалавек — у межах ужывання крымінальных палажэнняў аб дыфамацыі і распальванні варожасці дзеля абароны супрацоўнікаў міліцыі і іншых службовых асоб (заява ад 24 ліпеня), 15 чалавек — у межах пераследу іншадумства з дапамогай празмерна шырокага і расплывістага заканадаўства аб экстрэмізме (заява ад 3 ліпеня і ад 26 ліпеня).

Спецыяльная дакладчыца па Беларусі і іншыя незалежныя эксперты Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 2 ліпеня заклікалі ўлады Беларусі памілаваць ці змякчыць прысуд усім пажылым людзям, якія знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычных абвінавачванняў. Раней падобныя заклікі пра тэрміновае вызваленне ўразлівых груп ці асобных палітвязняў былі або наогул пакінутыя без адказу, або не выкананыя.

Другога ліпеня быў падпісаны закон аб амністыі, які, аднак, не прадугледжваў вызваленне палітвязняў: з ліку тых, хто мог разлічваць на амністыю, былі выключаныя асобы, прызнаныя датычнымі да дзейнасці, расцэненай уладамі як экстрэмісцкая і тэрарыстычная. У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка абвясціў аб падрыхтоўцы вызвалення цяжкахворых палітвязняў.

Інфармацыя пра вызваленне 18 палітвязняў — імаверна, у парадку памілавання і амністыі — з’явілася 3 ліпеня. Сярод іх быў толькі адзін цяжкахворы — Рыгор Кастусёў. Пры гэтым у няволі засталіся не менш як 30 палітвязняў, пра якіх вядома праваабаронцам, з крытычным станам здароўя.

У адпаведнасці з наяўнай інфармацыяй, за ліпень былі вызвалены з месцаў няволі 43 палітзняволеныя, уключаючы 18 вышэйзгаданых. Прынамсі 20 чалавек вызвалены ў сувязі з адбыццём усяго тэрміна пазбаўлення волі.

У ліпені паступілі звесткі пра пагаршэнне здароўя палітзняволенага анархіста Ігара Аліневіча, якога адміністрацыя калоніі рэгулярна накіроўвае ў штрафны ізалятар. У Паліны Шарэнды-Панасюк выявілі хранічны панкрэатыт, што ўяўляе сур'ёзную рызыку для жыцця ва ўмовах беларускай калоніі. З'явілася таксама інфармацыя, што святар Анджэй Юхневіч знаходзіцца ў следчым ізалятары ў знясіленым стане.

Былі пераведзеныя на турэмны рэжым каардынатар "Еўрапейскай Беларусі" Яўген Афнагель (у другі раз) і хірург Андрэй Любецкі.

Жыхару Баранавічаў Яўгену Кладаву выставілі новыя абвінавачванні: у "масавых беспарадках" (арт. 293 КК), "распальванні варожасці ці варажнечы" (арт. 130 КК) і "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (арт. 361 КК), у выніку чаго яму можа пагражаць да 12 гадоў калоніі.

Вядома, што Сяргею Яфімаву, Эдуарду Бабарыку і Сяргею Дзецуку падоўжылі тэрмін зняволення шляхам асуджэння за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК). Такія ж абвінавачванні выставілі Вячаславу Малейчуку і Юрыю Зянковічу.

Працягвае паступаць інфармацыя пра пераслед сем'яў палітвязняў і людзей, якія аказваюць падтрымку палітзняволеным. Так, бібліятэкарку Ірыну Пагадаеву асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў сувязі з датычнасцю да Facebook-групы "Письма солидарности", прызнанай уладамі экстрэмісцкім фармаваннем. Таксама паводле крымінальнай справы аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні затрыманы маці і цётка палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча.

Праваабаронцы

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях прызнала зняволенне Алеся Бяляцкага адвольным і запатрабавала яго вызвалення. Праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, асуджаны да 10 гадоў калоніі, утрымліваецца за кратамі ўжо больш за тры гады. У гэты час ён прыцягваецца да прымусовай працы, пазбаўлены спатканняў і перадач, абмежаваны ў ліставанні. Сям'я не можа перадаць яму неабходныя лекі.

Супраць праваабаронцы Ігара Казмерчака распачалі спецыяльную вытворчасць, якая дазваляе правесці папярэдняе следства і суд завочна, паводле абвінавачванняў у абразе Лукашэнкі і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

Завочны суд супраць праваабаронцы і журналіста Уладзіміра Хільмановіча паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні распачаўся 27 ліпеня.

Працягваюць знаходзіцца ў няволі асуджаныя да пазбаўлення волі праваабаронца Human Constanta Наста Лойка і праваабаронцы "Вясны" Марфа Рабкова, Уладзімір Лабковіч, Андрэй Чапюк, Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з супольнай заявай у трэцюю гадавіну затрымання Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. Арганізацыі ў чарговы раз заклікалі беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення зняволеных праваабаронцаў.

Не менш за шэсць адвакатаў пазбаўлены волі паводле палітычных матываў.

Катаванні і жорсткае абыходжанне

Катаванні і жорсткае абыходжанне падчас затрымання і ў месцах зняволення застаюцца сістэмнай і шырока распаўсюджанай практыкай.

Кантраляваныя сілавымі структурамі медыярэсурсы працягваюць публікаваць відэа, дзе затрыманыя вымушаныя прызнаваць віну і прыносіць выбачэнні.

З'явілася інфармацыя аб абмежаванні ў перадачы гігіенічных пракладак зняволеным жанчынам. Гэта з'яўляецца адвольным прачытаннем нормаў крымінальна-выканаўчага заканадаўства.

Былы палітзняволены Уладзіслаў Бягун падзяліўся дэталямі катаванняў і жорсткага абыходжання з ім падчас затрымання ў траўні 2023 года: мужчыну катавалі электрашокерам, каб здабыць пароль ад тэлефона, збівалі, скоўвалі яму ногі кайданкамі, пагражалі забойствам.

Былы палітзняволены Генадзь Смірноў расказаў пра катаванні і жорсткае абыходжанне ў калоніі: яго прымушалі доўга знаходзіцца нерухома ў ненатуральных позах, ужывалі адзіночнае зняволенне на 109 дзён у штрафным ізалятары, катаванні холадам і інш.

З'явілася відэа жорсткага затрымання Яўгена Бычко згодна з абвінавачваннем ва ўдзеле ў мірных пратэстах 2020 года (паводле арт. 342 КК): супрацоўнікі праваахоўных органаў у поўнай амуніцыі валяць яго на зямлю і заломліваюць рукі за спіну.

Палітвязня Ягора Лебядка змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак, г. зн. ён знаходзіўся ў адзіночным зняволенні ў пагоршаных умовах без магчымасці ліставання і сустрэч з адвакатам.

Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, ваенных злачынцаў, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю

Вядома пра затрыманне мужчынаў у Барысаве і ў Мінску за выказванне падтрымкі Украіне падчас размоваў у чат-рулетцы, імаверна з правакатарамі. 

Таксама ў падкантрольным сілавым структурам Telegram-канале з’явілася "пакаяльнае відэа" з мужчынам, які быў вымушаны прызнавацца ў негатыўных выказваннях у адрас Расіі і беларускіх уладаў падчас размовы ў чат-рулетцы.

У падкантрольным сілавым структурам Telegram-канале з’явілася "пакаяльнае відэа", на якім затрыманы мужчына быў прымушаны прызнаваць віну ў донаце Палку Кастуся Каліноўскага.

Таксама вядома пра затрыманне дзяўчыны за антываеннае тату з надпісам "х*й вайне".

Ілюстратарка з Брэста Наталля Левая была асуджана да шасці гадоў зняволення і штрафу ў памеры 40 тысяч рублёў за данаты, у тым ліку Палку Каліноўскага.

Распачаўся суд над 16-гадовым Станіславам Шапелем за нібыта "сувязі з СБУ" паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Ёсць прыкметы таго, што падлетак стаў ахвярай правакацыі.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваюцца затрыманні і прыцягненне да крымінальнай адказнасці за ўдзел у вулічных пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Суддзі часта прызначаюць максімальна суровае пакаранне — пазбаўленне волі, нягледзячы на тое што санкцыя артыкула прадугледжвае мякчэйшыя віды пакаранняў: арышт ці абмежаванне волі.

Так, 24 ліпеня паводле "справы карагодаў" прыцягнулі да адказнасці згодна з ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Генадзя Клімашэвіча і Крысціну Салаўёву. Пакаранне — адзін год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і паўтара года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання адпаведна. Нагадаем, што паводле ч. 2 арт. 62 Крымінальнага кодэкса, пакаранне ў выглядзе зняволення можа быць прызначана толькі пры ўмове, што мэты крымінальнай адказнасці не могуць быць дасягнуты ўжываннем мякчэйшага пакарання, прадугледжанага адпаведным артыкулам Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса. На ўтрыманні ў Генадзя Клімашэвіча знаходзяцца двое непаўнагадовых дзяцей. У адпаведнасці са звесткамі "Берасцейскай Вясны", агулам па "справе карагодаў" асудзілі 139 чалавек.

Не спыняецца прыцягненне да крымінальнай адказнасці людзей, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы. Так, 31 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачалі разглядаць крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да Дзмітрыя Глушчанкі. Яго затрымалі неўзабаве пасля вяртання з Польшчы.

Нагадваем, што тэрмін даўнасці паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса складае пяць гадоў з моманту здзяйснення злачынства.

У судзе Полацкага раёна і Полацка 18 чэрвеня паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) разгледзелі справу Нэлі Алфёравай. Яе судзілі ў закрытым рэжыме як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне". Судом прызначаны прымусовыя меры бяспекі і лячэння: жанчыну накіравалі на лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

Адміністрацыйны пераслед працягвае актыўна выкарыстоўвацца дзеля аказання ціску паводле палітычных матываў. У ліпені "Вясна" атрымала інфармацыю пра як мінімум 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх не менш за 30 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.

Праваабаронцы "Вясны" падлічылі агульную колькасць затрыманняў за другі квартал 2024 года. У адпаведнасці са звесткамі "Вясны", з 1 красавіка па 30 чэрвеня ў Беларусі было зафіксавана 1 756 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (вобшукі, выклікі на допыты, суды і г. д.), з якіх 450 — затрыманні. Таксама праваабаронцам вядома пра прынамсі 1 079 судоў паводле адміністрацыйных спраў за тры месяцы. Часцей за ўсё людзей судзяць за "экстрэмісцкія" падпіскі і рэпосты ў сацыяльных сетках паводле арт. 19.11 КаАП. Акрамя таго, не спыняюцца затрыманні пасля праверак тэлефонаў на мяжы з Беларуссю.

Такім чынам, агулам за першыя шэсць месяцаў 2024 года ў Беларусі затрымалі не менш за 1 437 чалавек.

Звяртаем увагу, што вынікі адміністрацыйнага пераследу і колькасць затрыманняў, злучаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, часта не робяцца вядомымі праваабаронцам або паступаюць з затрымкай праз атмасферу страху і пагрозу дадатковых рэпрэсій. Гэтыя звесткі нельга ацэньваць як паказчык змены ўзроўня рэпрэсій, асабліва на кароткіх адрэзках часу і без уліку змены ўмоваў для збору інфармацыі.

Парушэнне права на жыццё. Смяротнае пакаранне

Мінскі абласны суд 24 чэрвеня вынес смяротны прысуд у дачыненні да грамадзяніна Германіі. Гэта першы чалавек, якога асудзілі да расcтрэлу ў 2024 годзе, і першы замежнік за час існавання кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", якая распачалася ў 2009 годзе. Рыка Крыгера (Rico Krieger) затрымалі ў кастрычніку 2023 г., аднак пра справу стала вядома толькі сёлета ў траўні. Першае судовае пасяджэнне адбылося 6 чэрвеня, справу разглядалі менш за месяц.

Рыка Крыгера абвінавацілі згодна з шасцю артыкуламі Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 13 арт. 133 КК (Падрыхтоўка да наёмніцтва); ч. 3 арт. 289 КК (Акт тэрарызму); ч. 4 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў); ч. 4 арт. 309 КК (Прывядзенне ў непрыдатнасць транспарту ці шляхоў зносін); ч. 3 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні); арт. 358-1 (Агентурная дзейнасць). З усіх абвінавачванняў толькі акт тэрарызму (ч. 3 арт. 289 КК) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), Праваабарончы цэнтр "Вясна" і шэраг арганізацый заклікалі ўлады Беларусі спыніць смяротнае пакаранне грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, асуджанага да расcтрэлу, незалежна ад абвінавачванняў. Таксама яны заклікалі Беларусь цалкам выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, уключаючы права на жыццё, права на свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама права на судовую абарону і справядлівы судовы разгляд.

Прысуд у апеляцыйным парадку не пераглядаўся.

Рыка Крыгер 30 ліпеня напісаў прашэнне аб памілаванні. Лукашэнка сабраў нараду з "людзьмі, непасрэдна датычнымі да разгляду гэтай справы", і ўжо ўвечары таго самага дня прыняў рашэнне аб памілаванні.

Ёсць шматлікія прыкметы таго, што Крыгер зрабіўся ахвярай правакацыі беларускіх спецслужбаў; шэраг злачынстваў, што ставяцца яму ў віну, фактычна не былі здзейсненыя. Кваліфікацыя дзеянняў як тэрарыстычнага акту была адвольнай, закліканай даць падставу для асуджэння да смяротнага пакарання ў адсутнасць чалавечых ахвяр — гэта, у сваю чаргу, стала магчымым пасля ўнясення адпаведных зменаў у Крымінальны кодэкс у 2022 годзе. Такія змены, накіраваныя на пашырэнне сферы ўжывання смяротнага пакарання, непасрэдна супярэчаць абавязальніцтвам Беларусі ў межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У 2023 годзе ў Беларусі асудзілі да смяротнага пакарання Александра Таратуту: ён быў прызнаны вінаватым у наўмысным забойстве з абцяжарвальнымі віну акалічнасцямі. 9 студзеня 2024 года Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў, з гэтага часу мужчына чакае выканання прысуду.

Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам выкарыстоўваецца выключна дзеля палітычна матываванага пераследу за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.

У ліпені ўлады папоўнілі спіс экстрэмісцкіх фармаванняў яшчэ чатырма пазіцыямі: у дакумент былі ўключаны "Медики.Гродно", "Национально-демократическая платформа", "ШапитоДичь" і "Propovednik".

У Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, Камітэтам дзяржбяспекі ўключана 455 чалавек.

Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян ці асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, за ліпень папоўніўся імёнамі 86 чалавек, сярод якіх асуджаны да смяротнага пакарання грамадзянін ФРГ Рыка Крыгер.

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 114 судовых рашэнняў Telegram-каналы, Tik-Tok каналы і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі. У тым ліку адным рашэннем прызнаны экстрэмісцкімі больш як 63 адзінкі інфармацыйнай прадукцыі рэлігійнага зместу.

Экстрэмісцкімі матэрыяламі, у прыватнасці, прызнаны TikTok-канал "legal_initiative_belarus" праваабарончай арганізацыі "Прававая ініцыятыва", інфармацыя "Асацыяцыі Палiтвязняў Беларусі" на сайце і ў сацыяльных сетках, сайт "Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў", а таксама расследаванні катаванняў і забароненага абыходжання ў ізалятарах і розных аддзелах міліцыі, якія знаходзяцца на ім, даклад "Катаванні ў Беларусі. Даклад няўрадавых арганізацый напярэдадні прыняцця Камітэтам супраць катаванняў ААН спісу пытанняў да Рэспублікі Беларусь".

За дзейнасць, якая прызнаецца на падставе рэпрэсіўнага заканадаўства экстрэмісцкай, грамадзяне зазнаюць крымінальны пераслед і адвольнае пазбаўленне волі. Так, палітзняволеную Ірыну Пагадаеву асудзілі да трох гадоў зняволення ў калоніі. Справу разглядаў Брэсцкі абласны суд, прысуд вынес суддзя Андрэй Сіз. Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Вядома, што напрыканцы 2023 года Ірыну Пагадаеву ўключылі ў спіс датычных да Facebook-супольнасці "Письма солидарности", якую прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Агулам па справе фігуруе больш за трыццаць эпізодаў, калі жанчына адпраўляла грошы палітвязням у СІЗА Мінска, Гомеля і іншых гарадоў краіны. Галоўным чынам гаворка ідзе пра сумы ў 4-5 рублёў. Агулам за няпоўныя паўтара года (са жніўня 2021-га па снежань 2022-га) Ірына адправіла 188 рублёў. На думку абвінавачвання, Ірына Пагадаева была часткай экстрэмісцкай супольнасці, "наведвала забароненыя каналы, таму дзейнічала ўсвядомлена, з матываў ідэалагічнай варожасці, з наўпроставым намерам супраць дзейснай улады".

Пераслед журналістаў

На канец ліпеня 37 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ знаходзяцца ў зняволенні.

Згодна з інфармацыяй канала праваабаронцаў і журналістаў ПЦ "Вясна" з Магілёва MAYDAY.TEAM, Магілёўскі абласны суд 31 ліпеня асудзіў журналістаў Алеся (Аляксандра) Сабалеўскага і Яўгена Глушкова да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры і тры гады адпаведна. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім).

Супрацоўнікі Следчага камітэта 19 чэрвеня зладзілі вобшук па адрасе ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці, дзе афіцыйна зарэгістраваны Зміцер Панкавец. Тым часам журналіст ужо некалькі гадоў жыве за межамі краіны.

У Гродзенскім абласным судзе 8 ліпеня ў парадку спецыяльнай вытворчасці пачаўся суд над журналістам Алесем Кіркевічам. Яго абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу завочна разглядае суддзя Юрый Казакевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства