5-6 кастрычніка ў Менску адбудзецца Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. У форуме, які праводзіцца штогод, возьмуць удзел каля 500 арганізацыяў, грамадзкіх ініцыятываў, фондаў беларускага "трэцяга сэктару", а таксама госьці з краінаў СНД, Заходняй Эўропы й Амэрыкі.Радыё Рацыя
ГРАМАДЗТВА
"Трэці сэктар" змагаецца за выжываньне
5-6 кастрычніка ў Менску адбудзецца Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. У форуме, які праводзіцца штогод, возьмуць удзел каля 500 арганізацыяў, грамадзкіх ініцыятываў, фондаў беларускага "трэцяга сэктару", а таксама госьці з краінаў СНД, Заходняй Эўропы й Амэрыкі.
--------------------------------------------------------------------------------
Генадзь Кесьнер
Сёлетні Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі ладзіцца ўжо чацьверты раз. Асамблея зьяўляецца супольнасьцю больш як 500 грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў. Гэта - унікальнае ўтварэньне, аналягаў якому няма ва Ўсходняй і Заходняй Эўропе. Толькі цягам бягучага году арганізацыі-сябры Асамблеі зарганізавалі такія грамадзкія кампаніі, як "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты", "За свабоднае веравызнаньне" (гэтая кампанія была скіраваная супраць прыняцьця Нацыянальным сходам новага Закону "Аб веравызнаньнях і рэлігійных арганізацыях"). У чэрвені, да таго ж, была зладжаная моладзевая агульнанацыянальная акцыя "Зробім лепш!".
Цяперашні Кангрэс, паводле кіраўніка працоўнай групы Асамблеі Алеся Бяляцкага, будзе адбывацца ў даволі складаных умовах, якія склаліся сёньня ў нашай краіне для арганізацыяў гэтак званага "трэцяга сэктару".
А.Б.: - У дастаткова суровых, я сказаў бы, умовах. Бо за апошні год адбыўся пэўны "накат" на працу няўрадавых арганізацыяў: было зачынена некалькі рэспубліканскіх вядомых арганізацыяў - такіх, як Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Рэсурсны цэнтар "Вежа" ў Берасьці, іншыя. Яшчэ даволі шмат арганізацыяў пацярпелі ад Дэкрэту №8, пасьля якога шмат у каго была сканфіскаваная кампутарная тэхніка, шмат хто быў аштрафаваны за сваю дзейнасьць, якая быццам бы парушае гэты Дэкрэт. Таксама ёсьць выпадкі, калі людзей перасьледавалі за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў - іх штрафавалі й перасьледавалі іншым чынам. Так, можна канстатаваць, што дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў у Беларусі праходзіць у дастаткова складаных і суровых умовах. А калі да гэтага дадаць, што фактычна спыненая Міністэрствам юстыцыі й так званай Камісіяй па рэгістрацыі рэгістрацыя новых арганізацыяў (фактычна зь лета мінулага году гэтая камісія працавала зусім маленькі час - толькі гэтай вясною, і цяпер дзясяткі статутаў ляжаць у Мінюсьце й ня маюць ніякага руху). Гэта гаворыць пра тое, што ўлады ставяцца варожа фактычна да "трэцяга сэктара", і казаць пра супрацоўніцтва з "трэцім сэктарам" цяпер яшчэ не выпадае.
Адным з галоўных пытаньняў, якія ўдзельнікі Кангрэсу будуць абмяркоўваць цягам двох дзён, стане выжываньне няўрадавых арганізацыяў у сёньняшніх умовах. Працягвае Алесь Бяляцкі.
А.Б.: - Мы павінныя абмеркаваць найперш праблемы выжываньня "трэцяга сэктару", выжываньня няўрадавых арганізацыяў і, апрача таго, абмеркаваць крокі нашай дзейнасьці на бліжэйшыя год - паўтара. Я думаю, безумоўна, размова будзе весьціся й пра выбары ў мясцовыя саветы, і пра непалітычныя кампаніі, у якіх няўрадавыя арганізацыі будуць браць удзел, а таксама пра нейкія іншыя грамадзкія ініцыятывы, зьвязаныя і з прыняцьцём Закону "Аб рэлігіях", і зьвязаныя зь нейкімі мясцовымі ініцыятывамі па ўмацаваньні аўтарытэту й вядомасьці няўрадавых арганізацыяў сярод людзей. Адным словам, мы зьбіраемся ня толькі абараняцца, але й распрацаваць плян сваіх актыўных дзеяньняў на бліжэйшы час.
Нягледзячы на тое, што ў Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў ужо ўваходзяць звыш 500 арганізацыяў, яна будзе пашырацца - гаворыць Алесь Бяляцкі.
А.Б.: - На сёньняшні дзень з Асамблеі прайшлі так званую перарэгістрацыю 560 арганізацыяў. Дарэчы, дакумэнты на рэгістрацыю самой Асамблеі ўжо 4 месяцы ляжаць у Мінюсьце без усялякага руху. Таму Асамблея зьяўляецца такой вось нефармальнай, незарэгістраванай асацыяцыяй няўрадавых арганізацыяў. І тут справа мусіць быць накіраваная на актывізацыю нашай работы, і гаворка пра гэта пойдзе, якім чынам нам стаць карыснымі для маленькіх няўрадавых арганізацыяў, што працуюць на правінцыі, ня толькі ў Менску: якім чынам яны змогуць атрымаць ад нас інфармацыю, нейкую юрыдычную дапамогу. Вось такія моманты, мне падаецца, зьяўляюцца пэрспэктыўнымі для пашырэньня Асамблеі. А ў прынцыпе, сама па сабе такая асацыяцыя звыш пяціста няўрадавых арганізацыяў, прычым, абсалютна добраахвотная, без аніякага прымусу, яна зьяўляецца ўнікальнай - мабыць, ня толькі для Эўропы, але й для ўсяго сьвету. Бо нічога падобнага больш у сьвеце няма.
Падчас Кангрэсу Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, як паведамляюць арганізатары форуму, пройдзе фэстываль грамадзкіх арганізацыяў "Грамадзкія арганізацыі - для грамадзян", які будзе складацца зь дзьвюх частак - "Лепшы выкананы праект" і "Лепшая ідэя". Вынікі фэстывалю падвядзе адмысловае журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі беларускіх і замежных фундацыяў, буйных НДА. Апрача таго, кожная арганізацыя - удзельнік Кангрэсу - будзе прэзэнтаваць сваю дзейнасьць на спэцыяльным стэндзе. Па выніках прэзэнтацыяў будзе абраная лепшая зь іх. Адбудуцца й "круглыя сталы" на тэмы "Грамадзянскія ініцыятывы й кампаніі", "НДА й палітыка", "НДА й грамадзтва", "НДА й дзяржава", "НДА й СМІ" ды іншыя.