viasna on patreon

Затрыманні за пратэсты, каментары і "распаўсюд экстрэмізму": хроніка пераследу 28-29 жніўня Дапоўнена

2024 2024-08-29T12:22:30+0300 2024-08-30T10:10:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vasilionak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-29 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі беларуса, які чатыры гады таму частаваў пратэстуючых дранікамі 

«Пакаяльнае відэа» з мужчынам апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Сцвярджаецца, што мужчына наведваў акцыі пратэсту, а таксама нібыта дасылаў у чат-бот інфармацыю аб перасоўванні вайсковай тэхнікі.


Мужчыну затрымалі за негатыўныя каментары пра беларускія і расійскія ўлады 

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ў 2020 годзе «наведваў несанкцыянаваныя мітынгі», а ў сваіх сацсетках публікаваў відэа катаванняў расійскіх ваеннапалонных.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Phoenix OSINT», «Жыве», «Фотонегативки», «Мирный БГУИР Чат»;
  • Інфармацыйныя матэрыялы сайта «REFORM.NЕWS»;
  • Старонкі ў «X» i YouTube «АЧК-Беларусь/ABC-Belarus»;
  • TikTok-старонкі «Жыве Беларусь», «legal_initiative belarus», «Ксения».

Медыяпраект «Orsha.еu» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 28 жніўня.

Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Ігар Казмерчак.


Затрымалі адміністратарку дваровага чата

На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што хадзіла на акцыі пратэсту ў 2020 годзе і адміністравала дваровы чат. Паводле яе, яшчэ ў 2022 годзе сілавікі затрымалі ўсіх адміністратараў гэтага чату, акрамя яе.

Што гэта за чат — невядома. На фотаздымках сілавікоў з кватэры затрыманай бачны сцяг з надпісам «Серебрянка».


Супрацоўніцу сенненскай ЦРБ асудзілі за "распаўсюд экстрэмізму" 

Вольга Васілёнак — кардыёлаг з Сянно. Яе імя да нядаўняга часу было пазначана ў раскладзе Сенненскай райбальніцы ў якасці загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення. Але зараз ім кіруе іншая жанчына ў статусе "выконваючай абавязкі". Верагодна, жанчыну ўжо звольнілі з працы.

Справу Вольгі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) 27 жніўня разглядаў суд Віцебскага раёна. Вынік пакуль не вядомы.


Стала вядома, паводле якога артыкула будуць судзіць гісторыка Ігара Мельнікава 

Як раней пісала «Наша Ніва», у гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.

Перад затрыманнем ён казаў, што рыхтуе кнігу пад назвай «Прыступіць да ліквідацыі». Па словах гісторыка, яна мусіла распавядаць пра «гісторыю барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў…».

Апошняя актыўнасць Мельнікава ў інстаграме датуецца 21 студзеня, акурат напярэдадні рэйду на салідарных з палітвязнямі, які адбыўся з 23 па 24 студзеня — праўда, невядома, ці патрапіў ён у рэйд або так супала. Сутнасць абвінавачання невядомая.

Суд над Ігарам пачнецца 10 верасня ў Мінгарсудзе. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Судзіць Мельнікава будзе суддзя Міхаіл Макарэвіч.


Беларуса, якому Швецыя адмовіла ў прытулку, затрымалі на радзіме

Адзначаецца, што мужчына прыбыў у Швецыю з маці два гады таму. Прытулку яны папрасілі, бо «абое ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году». Паводле інфармацыі выдання Sveriges Radio, у заявах на атрыманне міграцыйнага статусу гаворыцца, што ў Беларусі на маці і сына завялі крымінальную справу і «яны баяцца, што іх пасадзяць у турму».

Нягледзячы на гэта, іх прашэнні адхілілі.

Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сцвярджаецца, мужчыну і ягоную маці дэпартавалі са Швецыі ў Беларусь. У публікацыі гаворыцца, што беларуса «арыштавалі проста на мяжы». Пра лёс жанчыны не паведамляецца.


Жыхара Брэста затрымалі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту 

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што 10 жніўня знаходзіўся на праезнай частцы праспекта Машэрава ў Брэсце разам з іншымі пратэстоўцамі, сярод якіх было двое ягоных знаёмых. Яны, паводле яго слоў, «ужо знаходзяцца пад следствам».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства