viasna on patreon

Аляксей Кірэеў: "Адзін з іх узяў сякеру і стаў моцна сячы вакол маіх пальцаў"

2024 2024-09-26T15:05:00+0300 2024-09-26T16:00:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kireey-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Кірэеў на волі. Фота з сацыяльных сетак.

Аляксей Кірэеў на волі. Фота з сацыяльных сетак.

Гісторыі былых палітвязняў ў нечым падобныя адна на адну і ў той жа час унікальныя, бо за кожнай з іх – лёсы людзей, якія ў той ці іншай форме выказвалі пратэст супраць дзеючай улады і парушэнняў правоў чалавека. Адзін з іх – жыхар Мінска, актыўны сябра “Народнай Грамады” Аляксей Кірэеў.

Падзеі 2020 года ён сустрэў з унутраным пад’ёмам. Пасля затрымання лідара партыі Міколы Статкевіча браў удзел у шматлікіх акцыях пратэсту і паслявыбарчых маршах. Ягоная актыўнасць не прыйшлася даспадобы сілавым органам – Аляксея дзесятак разоў затрымлівалі, каралі штрафамі і суткамі.

Збягаў з дому на акцыі па вяроўцы, страціў зубы за “рускі мір”

“У 2020 годзе мяне вельмі часта затрымлівалі, здаралася, што перад нейкімі падзеямі дзяжурылі каля майго пад’езду. Часам, каб выйсці з кватэры, мне даводзілася карыстацца вакном з іншага боку, а паколькі я жыў на другім паверсе, то мог спусціцца на вуліцу па вяроўцы. Але і затрыманняў было шмат: давалі і суткі, і штрафы. Спачатку было спакойна, думаў, што больш чапаць не будуць. Пазней, калі стаў падазраваным па крымінальнай справе – мяне абвясцілі ў вышук, пра што мне паведамілі сваякі. Я хаваўся ў розных месцах, то ў Жыткавічах, то яшчэ дзе, стараўся не свяціцца перад камерамі”, ­– распавядае Аляксей.

Мужчына да драбніц згадвае сваё апошняе затрыманне перад узбуджэннем крымінальнай справы па “народным артыкуле”:

“Усё адбылося нечакана. Я тады асцерагаўся хадзіць у вялікія крамы, дзе шмат камер, а розную працу шукаў па чатах у тэлеграме. Памятаю, хадзіў на працу ў дзіцячы садок некалькі дзён. Аднаго разу раніцай 13 кастрычніка заўважыў, што каля высокага плоту стаяць двое ў цывільным, але там месца было такое, што і назад не павярнуць, ні ў бок. Толькі краем вока паспеў глянуць, што ў іх на паясе зброя, пісталеты.

“Дзень добры, – кажуць, – вашыя дакументы!”

Ну у мяне быў пашпарт, паказаў. Яны паведамілі, што я падобны на чалавека, які ў “Еўраопце” крадзе каўбасу. Адказаў ім, што ў “Еўраопт” ніколі не хажу, карыстаюся іншымі крамамі. Яны пераканалі, што апытаюць, правераць усё і хутка адпусцяць.

Паехалі ў Першамайскі РУУС, там мяне завялі ў кабінет да іншых супрацоўнікаў, якія, відаць, займаліся б-ч-бэшнікамі. На стале стаяў партрэт Пуціна. Я і запытаўся: “Я амаль год у вышуку быў, дык што, за гэты час улада памянялася?”

– А табе што, рускі мір не падабаецца?

І давай мяне моцна біць па нагах, спіне, па твары, па зубах, зламалі зубны пратэз, павыпадалі кавалкі. Адлупцавалі добра. Затым узялі тэлефон і запатрабавалі пароль. Я кажу, што не памятаю.

У маёй торбе былі інструменты, бо я ійшоў на працу, дык адзін з іх дастаў тапорык, паклаў руку на стол і стаў моцна сячы сякерай вакол пальцаў, нават стол пашкодзіў. Ну і ўсё тут, куды ты дзенешся”.

Затым на Аляксея Кірэева склалі адміністрацыйны пратакол, асудзілі і павезлі ў ЦІП на Акрэсціна, для пачатку на 15 сутак арышту. Пасля адбыцця сутак, яго чакаў супрацоўнік міліцыі, які яго збіваў у РУУСе.  Паказаў пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па 342 артыкуле і адвёз на допыт у Следчы камітэт. Пасля азнаямлення з матэрыяламі справы, яго адправілі на Валадарку, дзе Аляксей чакаў суда недзе каля пяці месяцаў.

“На Валадарцы было неяк больш спакойна, было шмат палітычных, і па 342 артыкуле, і тыя, хто данаціў, і каго забралі за каментары па “справе Зельцара”. Такіх было шмат”, – узгадвае Кірэеў. – Шкада аднаго. Яшчэ ў Мінску Алесь Бяляцкі падпісаў мне сваю кнігу “Турэмны сшытак”. Яна была са мной на Валадарцы, дзе, на жаль, і засталася”.

А 10 лютага 2023 года суддзя Савецкага раёна Мінска Аляксандр Волк вынес прысуд: пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.

“На судзе мне далі два гады калоніі, хаця маглі і “хімію”. У справе было адно фота са сцягам каля Стэлы. Ну і відаць ўлічылі, што было шмат адміністрацыйных спраў па 23. 34 КаАП.

Патрапіў я ў Магілёў, у папраўчую калонію №15.  Начальнік турмы Лазарэнка адразу ўбачыў што ў справе ёсць фотка, дзе я стаю са сцягам “Народнай Грамады” і запытаўся што гэта за сцяг? Адказваю яму, што гэта партыя Статкевіча.

Тады ён усхваляваўся, стаў казаць, што са Статкевічам у яго даўні рахунак, маўляў яшчэ ў 2010 годзе ён са сваёй “шалёнай” жонкай дастаў яго сваімі скаргамі так, што ледзьве не страціў працу. Так я атрымаў свае першыя 15 сутак штрафнога ізалятара, можна сказаць замест карантыну.

Праз тры дні мяне выцягваюць з лазні і клічуць у штаб. Начальнік калоніі паведамляе мне, нібыта я казаў некаму, што збіраюся ў Літву да Ціханоўскай каб расказаць як мяне катавалі. Але такога не было. І не казаў такога, і ў Літву не збіраўся.

Відаць, нейкі стукач сачыніў такі данос на мяне, бо тут выдумваюць нават тое, чаго і быць не можа, а ім вераць. І так было неаднойчы”, – распавядае Аляксей.

Яго ізноў пакаралі на 15 сутак ШІЗА, а агулам за два гады у ізалятары Кірэеў правёў 97 сутак, схуднеў на 15 кілаграм. І гэта за адзін год. Бо потым, калі ён страціў зрок на адно вока, яго асабліва не  чапалі.  Самае цяжкае было – патрапіць першы раз, адразу пасля Валадаркі, у ШІЗА, калі яшчэ нічога ўвогуле не разумееш, дзе ты і што ўвогуле робіцца.

Аляксею запомнілася, як з бібліятэкі пачалі знікаць кнігі.

“Праз нейкі час у калоніі пачалі у качагарцы паліць кнігі з бібліятэкі. Пад раздачу патрапілі раманы Оруэла, сучасная беларуская літаратура, кніга Анатоля Астапенкі. Засталіся хіба што Колас, Купала і Пімен Панчанка. Ну і рускія пісьменнікі”, – кажа ён.

Схуднеў на 15 кілаграм і перастаў бачыць на адно вока

“Нягледзячы на тое, што на ШІЗА днём нельга ляжаць, я ўсё адно ляжаў на бетоннай падлозе, а надзіральнікам казаў, што ў мяне высокі ціск і інакш я не вытрымаю. Я ім нагадваў пра гісторыю Ашурка, які хадзіў-хадзіў, узяўшыся за сэрца, упаў і памёр. Я так не хачу, я баюся знікнуць тут.  Дык яны ў камерах ізалятара спецыяльна для мяне павесілі абвесткі, што на падлозе ляжаць катэгарычна забараняецца. Але я ўсё адно так рабіў.

Я заўсёды пакутаваў ад моцнага ціску. І менавіта з-за яго і неаказання своечасова медычнай дапамогі развілася эмбалія сятчаткі вока. Праста закрылася вока і ўсё.

Калі мяне павезлі ўсё ж ў Магілёў, у шпіталь хуткай дапамогі, то там медсястра, якая калола уколы ў вока, паведаміла, што можна было ўратаваць зрок, калі б звярнуўся цягам двух-трох гадзін пасля інсульта вока. А тады ў траўні быў Вялікдзень, я пайшоў да медыкаў, мне праверылі ціск, ён быў 270 на 180.”

Аляксею таксама прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, але калі заставалася тры тыдні да вызвалення па тэрміне. Завялі да начальніка калоніі разам з Васілём Берасневым, у якога таксама былі праблемы са здароўем. Яго ўгаворвалі падпісаць прашэнне нават сукамернікі, бо восем гадоў ён бы дакладна не даседзеў. Ён вымушаны быў падпісаць. Аляксей адмовіўся.

“Да апошняга моманту я не верыў, што выйду, чакаў падвоху з 411 артыкулам (злоснае непадпарадкаванне патрабаваннем адміністрацыі калоніі). Нават здзівіўся, крыху, калі апынуўся на волі. Калі пайшоў па вызваленні адзначацца ў міліцыю, у мяне быў новенькі тэлефон, у якім не было нічога, ні тэлеграма, ні чатаў, ні падпісак. Яны яго праверылі і ўсталявалі нейкую праграму.

Потым пачаліся праверкі, прыяжджалі і позна вечарам, і ў выходныя дні. Неяк далі трубку на алкаголь, сказалі, што як спаймаем, паедзеш адразу на два гады ў ЛТП.

Я падумаў тады, ды ну яго, такога жыцця, і з’ехаў з Беларусі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства