"На выхадзе з ІЧУ пасля сутак пачуў: "Табе яшчэ рана думаць пра тэлефон"
Жыхар Гародні Аляксандр (імя змененае ў мэтах бяспекі) падзеі 2020 года ўспрыняў з натхненнем, спадзяваўся, што нешта можа ў краіне змяніцца. У гэты час ён займаўся будаўніцтвам свайго дома, але сачыў за тым, што адбываецца вакол. Пасля выбараў і сам далучыўся да акцый пратэсту, займаўся маніторынгам судовых працэсаў. У 2023 годзе яго затрымалі і далі адміністрацыйны арышт, пасля якога была ўзбуджаная крымінальная справа. Ён пагадзіўся распавесці “Вясне” аб тым, што давялося перажыць за гэты час.
Як і многіх іншых, Аляксандра абурылі сфальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
– Я ўсё бачыў сам і ўсё разумеў, мы часта размаўлялі пра падзеі са знаёмымі, і таму ставіў на перамогу Святланы Ціханоўскай. Ведаў канечне і пра вынікі выбараў. Калі на выбарчым участку ў школе ў Гродне, куды я прыйшоў гадзіны за чатыры да закрыцця, я хацеў у скрынку запхаць бюлютэнь, то ён не пралазіў туды, бо быў складзены. Да мяне падыйшла вельмі незадаволеная старшыня камісіі і сказала, што навошта вы гэтыя бюлютэні ў гармонік складаеце? Я і сам хадзіў на мітынгі, калі яшчэ не моцна разганялі, а калі пачаліся рэпрэсіі і разгоны, ужо сэнсу не бачыў у простым хаджэнні па вуліцах – трэба было абараняцца і супрацьстаяць сілавікам, але гэтага не было. Ну як так! Калі табе адбіваюць галаву, а ты без нічога, то які ў гэтым сэнс?
Пасля допыту ў СК хадзіў маніторыць суды ў Гародні
У кастрычніку 2020 года Аляксандра выклікалі ў упраўленне Следчага камітэта, дзе следчы з ДФР апытаў яго як сведку пра справе арганізацыі фінансавання незаконных масавых мерапрыемстваў. Ён задаваў дзесяткі пытанняў, кшталту “А вы ўдзельнічалі? А вы фінансавалі? Каму грошы давалі? Ці вам вам плацілі за ўдзел? Адкуль ведалі пра акцыі?” Ну і гэтак далей. Затым следчы паведаміў яму, што трэба пачакаць, бо яшчэ будзе размова ў іншым кабінеце.
– Я абурыўся: а на якой падставе? Пакажыце мне паперу і я застануся, альбо зараз сыхожу дадому. У адказ ён узяў мяне пад руку і адвёў у іншы кабінет. Там быў намеснік пракурора Гродна, які афіцыйна папярэдзіў мяне пра недапушчальнась удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сказаў, што яны маюць звесткі аб маім удзеле ў акцыях пратэсту. І таму вось зараз трэба падпісаць папярэджанне і тады са мной будзе ўсё добра. Я разумеў, як гэта працуе і каб не было наступстваў, падпісаў паперку.
На Аляксандра на нейкі час забыліся. Ён яшчэ хадзіў маніторыць суды ў Гародні, дзе разглядаліся справы затрыманых на акцыях. У тым ліку назіраў за судом па справе Віктара Барушка, якога абвінавацілі па справе аб нападзе на супрацоўніка АМАПа і далі пяць год калоніі. Але неяк ўсё абыходзілася і да 2023 года мужчыну сілавікі пакінулі ў спакоі.
"Уварвалася чалавек сем у поўнай амуніцыі і нават з аўтаматамі"
– А вясной за мной раніцай прышлі на працу. Уварвалася чалавек сем у поўнай амуніцыі, у балаклавах і шлёмах, і нават з аўтаматамі. Жорстка скруцілі і адвезлі ў ГУБАЗіК. Пры гэтым у аўтамабілі прыціснулі каленам шыю і заламалі рукі. Бачыў, што ў іх ёсць інфармацыя пра тое, што я рэгістраваўся ў Плане “Перамога”. Мяне там дапыталі, і адмаўляцца не было асабліва як. На пытанні аб удзеле ў пратэстах я казаць адмаўляўся.
Затым мяне адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе ўжо склалі пратаколы за распаўсюд “экстрэмісцкіх” матэрыялаў і за захоўванне нацыстскай сімволікі. Знайшлі ў мяне ў тэлефоне такую таблічку з параўнаннем савецкага і фашысцкага сцяга, і гэтага было ім дастаткова.Аформілі спачатку на трое сутак да суда. А на судзе далі сем сутак: па першым пратаколе (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) пяць і па другім (ч. 1 арт. 19.10 КаАП) – двое. Сэнсу наймаць адваката я не бачыў у гэтай справе, думаў што гэта яшчэ болей разазліць суддзю.
"Гэта не мы такія, гэта работа такая"
Адміністрацыйны арышт Аляксандр адбываў у ІЧУ Кастрычніцкага РАУС Гродна. Там як звычайна – ні мыла, ні зубных шчотак, ні матрацаў, ні прагулак.
– Умовы на сутках былі звычайныя: нельга было днём спаць і сядзець, а ложкі былі небяспечныя, бо металічныя пласціны былі з зазубрынамі ад балгаркі. У камеры знаходзіліся і кляшчы і вошы. Першыя трое сутак увогуле нас не кармілі. Супрацоўнікі ў ІЧУ былі розныя. Адны казалі, што “гэта не мы такія, гэта работа такая”, іншыя, напэўна атрымлівалі задавальненне ад сваёй улады над намі.
Вось яшчэ што, калі мы сядзелі ў камеры ўчатырох і ўсе былі “палітычныя”, то мы неяк палічылі і атрымалася што на чатырох чалавек атрымалася 7 вышэйшых адукацый.
Калі трэба было выходзіць пасля сутак – узніклі падазрэнні, бо ўсе выйшлі ў свой час, і нават на паўгадзіны раней, а мяне яшчэ не адпускалі. Калі выклікалі – ўбачыў паперу з нейкай чырвонай адзнайкай. Нешта не тое, падумалася мне. Калі запытаўся пра свой мабільнік, пачуў у адказ: “Табе яшчэ рана думаць пра тэлефон”.
На выхадзе з ІЧУ з Аляксандра знялі кайданкі, але яму трэба было прайсці з памяшкання праз калідор РАУСа. І тут ён убачыў, што яго чакаюць двое ў масках. Яны зноў начапілі кайданкі і павезлі ў Следчы камітэт. Там, пад час допыту ў прысутнасці адваката яго азнаёмілі з крымінальнай справай па 361-3 артыкуле (арганізацыя альбо удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і далі падпісаць паперу аб невыездзе. Распытвалі пра План “Перамога” і данаты.
– Следчы мне сказаў, што сем сутак арышту малавата і мяне ізноў адправілі на трое сутак ў ІЧУ для прад’яўлення абвінавачання. Вось цяпер ужо з’явіўся стрэс, падумалася, што цяпер ужо ўсё дрэнна. У гэта час і маю жонку таксама затрымалі за фота з б-ч-б сцягам яшчэ на дазволеным мітынгу ў 2018 годзе і склалі пратакол за распаўсюд “экстрэмісцкіх” матэрыялаў. Добра, што абыйшлося толькі штрафам.
Да Аляксандра прыйшло разуменне, што трэба неяк хутка адтуль з’язджаць. У красавіку, праз тыдзень-другі пасля апошняга затрымання, ён звярнуўся да сяброў, якія адгукнуліся і неадкаладна дапамаглі. Шлях да волі быў складаным, і не ўсё атрымалася з першага разу, але цяпер ён у бяспечным месцы разам з сям’ёй.
"Я разумеў, што яны рана ці позна прыдуць за мной": споведзь былога палітвязня