Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць
У судзе Шклоўскага раёна 11 снежня распачнецца разгляд чарговай крымінальнай справы супраць палітзняволенага журналіста і блогера Ігара Карнея, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў зняволення. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў. Ігара абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Фактычна, цяпер яго будуць судзіць у крымінальным парадку за "парушэнні", за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі. Журналісту могуць дадаць яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
Ігар доўгі час працаваў журналістам на “Свабодзе”, вядомы як эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. Неўзабаве пасля затрымання сям'я Ігара выехала за мяжу.
Яго затрымалі 17 ліпеня 2023 года, дома ў журналіста быў праведзены ператрус. Спачатку яго арыштавалі паводле адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Але пасля заканчэнні тэрміну перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
Яго абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" паводле ч. 3 арт. 361-1 КК. Дзяржаўныя СМІ пісалі, што Карней, нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з экстрэмісцкай арганізацыяй БАЖ, якая была ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага Суда яшчэ ў 2021 годзе, але насуперак закону працягвала сваю працу. Ужо ў лютым 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў БАЖ "экстрэмісцкім фармаваннем".
Паводле абвінавачання Ігар Карней актыўна пісаў "негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады. Акрамя таго, у сваіх артыкулах ён даваў ілжывую карціну аб эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь". З 1 чэрвеня па 14 ліпеня 2023 года ён размясціў на рэсурсах БАЖ не менш за 54 інфармацыйныя матэрыялы. Неўзабаве пасля гэтага быў затрыманы.
У Мінскім гарадскім судзе 22 сакавіка суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Карнею тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 20 тысяч рублёў. У сярэдзіне лета Ігара накіравалі адбываць тэрмін у шклоўскую калонію № 17, дзе менш чым праз паўгода супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Цяпер Ігару пагражаеяшчэ адзін год зняволення.