"Ты не выходзіш на волю ў Мінску на Акрэсціна — цябе вязуць у Баранавічы, Магілёў..." Відэа
З 2020 года праваабаронцы "Вясны" задакументавалі больш за 1850 пацярпелых. Праваабаронцы працягваюць заклікаць дакументаваць факты катаванняў і іншых грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, каб спыніць беспакаранасць і прыцягнуть да адказнасці ўсіх датычных да адвольных рэпрэсій. У відэа "Вясны" Яраслаў, асуджаны да трох гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у самым вялікім Маршу ў гісторыі Беларусі, распавёў пра катаванні і жорсткае абыходжанне падчас затрымання з 9 на 10 жніўня 2020 года, а таксама пра затрыманні ў 2021-2022 гадах.
"Я быў адным з удзельнікаў мітынгу з 9 на 10 жніўня [2020 года] затрыманых у Мінску пасля фальсіфікацыі выбараў. Пасля затрымання я быў дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе сутыкнуўся з жорсткасцю і бесчалавечным стаўленнем да людзей. Вельмі шмат людзей былі моцна збітыя, з рассячэннямі, з паламанымі рэбрамі, да чарнаты адбітымі ніжнімі канечнасцямі. Адпаведна, ніякая медыцынская дапамога ім не аказвалася. Я не бачыў там ні супрацоўнікаў хуткай дапамогі, ні нейкага лекара, які павінен цябе, як мінімум, агледзець перад тым, як цябе змяшчаюць у ІЧУ, але нічога з гэтага не было.
У камеру напіхвалі людзей, як селядзец у слоік. Камера на пецярых, але ў ёй ужо 25 чалавек. З калідора крычаць пытаюцца: "Колькі вас там?", мы адказваем, што 25 — "Выдатна, яшчэ 10 ўлезе!" Было настолькі душна і немагчыма дыхаць, што людзі гублялі прытомнасць. Іх выносілі на калідор. Я больш ніводнага не бачыў, каб вярнуўся ў камеру. На Акрэсціна нас не кармілі. За першыя суткі нам на 20 чалавек далі тры баханкі хлеба — кожнаму па кавалачку выйшла. І перад перавозкай на Жодзіна нам далі па тры лыжкі кашы. Перавозка на Жодзіна таксама адбывалася з пастаяннымі ўдарамі дубінак, крыкамі: "Давайце спявайце гімн, сьпявайце "Кацюшу", а не свае змагарскія песні"…
9 траўня 2021 года быў затрыманы ў сябе ў кватэры за тое, што слухаў няправільныя песні. Заходзіў бацька, а яны зайшлі за ім. Спыталі мяне, ці не афігеў я такія песні слухаць з адкрытым акном, калі цяпер прыедзе Лукашэнка ўскладаць кветкі. Мяне скруцілі, разам са мной забралі майго бацьку, і мы тады атрымалі па 15 сутак на Акрэсціна. Любімае ў іх — гэта забраць тэлефон і ўсе грошы. Ты не выходзіш на волю ў Мінску на Акрэсціна — цябе вязуць у Баранавічы, Магілёў, каб максімальна было нязручна дабірацца да дома без тэлефона без грошай у хатніх тапачках.
Мяне яшчэ затрымлівалі 7 траўня 2022 года. Тады прыйшоў участковы і чалавек 6 па грамадзянцы. Яны сказалі: "Адчыні дзверы — трэба пагаварыць". Я адкрыў яе, а ён кажа: "Збірайся, мне зверху сказалі, каб цябе 9 траўня тут не было". Гэта быў чарговы раз, калі я атрымаў 15 сутак.
1 верасня 2022 года я быў затрыманы за Марш 23 жніўня 2020 года — ужо быў крымінальны артыкул 342, які мне павесілі. Мяне прывезлі ў ГУБАЗіК. Пасля таго як мяне аформілі, я сядзеў на крэсле ў кайданках, яны проста сталі мяне збіваць, не задаючы ніякіх пытанняў і не патрабуючы ніякіх паказанняў. Было відаць, што гэта ім прыносіць задавальненне. Калі чалавек баіцца, не ведае, ці перажыве гэтую ноч ці не, ці інвалідам застанешся, не дай бог... Пасля працяглага збівання і запісу "пакаяльнага відэа" яны адвозяць цябе ў РУУС і проста ляжыш суткі ў гэтым цёмным памяшканні ў падвале на гэтай бетоннай выемцы. Пасля гэтага адвозяць у Акрэсціна. Усіх, хто быў затрыманы па палітычных артыкулах, утрымліваліся выключна ў карцэрах без цёплых рэчаў. Гэта быў верасень — ночы халодныя, кагосьці затрымлівалі яшчэ ў жніўні, калі было цёпла. Дарослыя людзі з інваліднасцю спалі на бетоннай падлозе ў шортах і майках. Ніякай медыцынскай дапамогі нікому не аказвалася. Перамяшчаюцца палітычныя зняволеныя выключна ў кайданках ззаду, і трэба як мага вышэй задзіраць рукі. Стаяць каля сценкі, паклаўшы на яе рукі, таму што маладым людзям гэта не заўсёды лёгка, а пажылым наогул цяжка было. Міліцыя проста стаяла і здзекавалася з гэтых людзей, бо ім прыкольна было.
Хацелася б звярнуць увагу на гэта, што рэпрэсіі ў нас дагэтуль не спыняюцца. Кожны дзень я заходжу ў навіны і бачу, што па 10-15 чалавек затрымліваюцца ў рамках крымінальных артыкулаў".