viasna on patreon

Палітвязень, экстрэмізм, інкамунікада: топ-10 слоў 2024 года ад праваабаронцаў

2024 2024-12-03T12:22:00+0300 2024-12-03T13:19:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/top-slovy-2024-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Вясна” зрабіла аналіз дзесяці самых топавых слоў, якія былі на слыху цягам 2024 года. Гэтая лексіка сёння вядомая многім беларусам, якім неабыякавае грамадскае жыццё і якія цікавяцца сітуацыяй з парушэннямі правоў чалавека ў нашай краіне.  Пры складанні спісу выкарыстоўваліся апытанні іншых СМІ і дадзеныя пашуковай сістэмы Google. Знаёмцеся.

1. Палітвязень

Палітвязень, альбо палітзняволены – беларус, які знаходзіцца пад вартай, альбо адбывае пакаранне і ў справе якога прысутнічае відавочны палітычны складнік, напрыклад, апазіцыя дзеючай улады ў выглядзе дзеянняў негвалтоўнага характару, а таксама некаторыя спрэчныя выпадкі, звязаныя з займаемай грамадзянскай пазіцыяй, рэлігійнымі перакананнямі і непрыманнем дзеючага рэжыму. Па стане на 2 снежня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1295 чалавек.

2. Экстрэмізм

Экстрэмізм у сапраўдным значэнні слова – від палітычнай дзейнасці, заснаваны на ідэалогіі антысемітызму, ультранацыяналізму і іншай ваяўнічай нецярпімасці. Але ў Беларусі – усё інакш: паняцце экстрэмізму ў заканадаўстве падкарэктавалі па загаду ўлады: сёння “экстрэмізмам” лічацца – удзел у незаконных акцыях, лайкі пад пастамі ў забароненых чатах і старонках, рэабілітацыя нацызму. Паняцце экстрэмізму ўключае ў сябе інфармацыйныя матэрыялы, фармаванні і сімволіку.

Пра колькасць “экстрэмістаў” можна даведацца тут:

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Пералік арганізацыяў, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці

Сёння ў Спісе грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці налічваецца 4 470 чалавек.

slova-godu-2024.png
Вынікі галасавання 2024 года ад Радыё Свабода

3. Салідарнасць

Салідарнасць – гэта спосаб сацыяльнай арганізацыі, спроба згуртавання асобных грамадзян у нейкую агульную ідэю, у шырэйшым значэнні – згуртаванасць, еднасць грамадства. Дзя беларусаў сёння салідарнасць – гэта падтрымка незалежных ініцыятыў, дапамога тым, хто патрапіў у складанае становішча у звязку з сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Менавіта салідарнасць дапамагае сёння многім беларусам, якія патрапілі пад рэпрэсіі, альбо з'ехалі з краіны працягваць жыць і займацца грамадскай дзейнасцю. Вялікую справу ў гэтым накірунку робяць многія ініцыятывы і як прыклад – BYSOL

4. Інкамунікада

Інкамунікада – стан чалавека, якога наўмысна пазбаўляюць сувязі са знешным светам, сваякамі і блізкімі. Найперш гэты тычыцца беларускіх палітзняволеных, якім адмаўляюць у перапісцы і спатканнях. Самае цяжкае – гэта забарона на карэспандэнцыю для асуджаных. Такія дзеянні парушаюць іх канстытуцыйнае права на свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў, што прыраўноўваецца да бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае годнасць, у сувязі з тымі пакутамі і страхам, якія зазнаюць ахвяры такога зняволення.

"Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека", — юрыст Вясны

Юрыст "Вясны" прааналізаваў праблему блакіравання ліставання ў калоніях у кантэксце правоў чалавека.

5. Ананімнасць

Ананімнасць – дзеянне, здзейсненае без указання імя таго, хто яго здзяйсняе.  Прыметнік "ананімны" выкарыстоўваецца для апісання сітуацый, калі імя дзеючай асобы невядома. Ідэя ананімнасці заключаецца ў немагчымасці ідэнтыфікаваць чалавека. Сёння гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў звязку з захаваннем ананімнасці ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. Сілавыя структуры Беларусі выкарыстоўваюць любыя тэхнічныя спосабы, каб “выкрыць” ананімаў і прыцягнуць да адказнасці за падпіску на “экстрэмісцкія” рэсурсы, альбо за каментары і лайкі ў сацыяльных сетках. Парадаў і інструкцый на гэтую тэму вельмі шмат.

 6. Завочныя суды

Завочны суд па палітычных матывах адбываецца ў межах спецвытворчасці. Спецыяльная вытворчасць –  дзеянні па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Інстытут "спецыяльнай вытворчасці" быў уведзены ў 2022 годзе рэжымам Лукашэнкі ў якасці рэпрэсіўнага інструмента супраць апанентаў. Па стане на 21 лістапада 2024 года ў Беларусі завочна асудзілі ўжо 112 чалавек. Амаль усе справы — палітычна матываваныя. Гэта актывісты, журналісты, пратэстоўцы, палітыкі і грамадскія дзеячы. З іх траіх чалавек асудзілі завочна двойчы. 

Спецвытворчасць у Беларусі: гайд з праваабаронцам, якога асудзілі завочна

У 2022 годзе ў якасці новага рэпрэсіўнага інструмента супраць апанентаў рэжыму Лукашэнкі і грамадзянска-палітычных актывістаў, якія пакінулі Беларусь, увялі інстытут "спецыяльнай вытворчасці".

7. Затрыманне

Затрыманне – гэта слова, якой найбольш часта выкарысоўваецца ў беларускай лексіцы. Увогуле, затрыманнем называюць кароткачасовае пазбаўленне волі асобы, якая падазраецца ў здзяйсненні злачынства. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін затрымання не можа перавышаць 72 гадзін. Орган дазнання або следчыя абавязаны на працягу 24 гадзін паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадзін з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго. Толькі гэтыя правілы сілавыя структуры парушаюць вельмі часта.

8. Рэпрэсіі

Рэпрэсіі - карныя меры з боку дзяржаўных органаў, якія выкарыстоўваюцца для падаўлення грамадскай актыўнасці, забеспячэння функцыянавання дзяржапарату. Сёння гэта адзін з асноўных інструментаў, які беларускія ўлады выкарыстоўваюць у дачыненні да грамадян і іх застрашэння ў перыяд розных дзяржаўных працэсаў (афіцыйных святаў, альбо выбараў). Аб тым, якк выглядаюць рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў можна паглядзець на нашым сайце.

Фото: Associated Press
ілюстрацыйнае фота. Мінск, верасень 2020 года.

 9. Абраза

Абраза  –  наўмысная знявага гонару і годнасці асобы, выказаная ў непрыстойнай форме. Можа наносіцца вусна, у пісьмовай форме або дзеяннем, публічна, у прысутнасці пацярпелага. У кантэксце парушэння правоў чалавека найбольш часта разглядаецца артыкул 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады і арт. 368 КК— Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта дыфамацыйныя артыкулы  і іх выкарыстанне павінна быць выключана са спісу крымінальных пакаранняў.

10. Гвалт

Гвалт –  наўмыснае ўжыванне фізічнай сілы ці ўлады, сапраўднае ці ў відзе пагрозы, накіраванае супраць сябе, супраць іншай асобы, групы асоб ці абшчыны, вынікам якога з'яўляюцца (або маецца высокая ступень верагоднасці гэтага) цялесныя пашкоджанні, смерць, псіхалагічная траўма, адхіленні ў развіцці ці рознага роду шкода. Так піша Вікіпедыя. Але беларусы гэтае паняцце выкарыстоўваюць зараз у іншых значэннях: гвалт з боку сілавікоў, неабгрунтаванае збіцце пры затрыманні, пагрозы сэксуальнага гвалту, псіхалагічны ціск і ціск на беларускамоўных грамадзян.

Дарэчы, у мінулым, 2023 годзе, розныя беларускія СМІ сярод слоў году называлі: вайна, рэпрэсіі, штучны інтэлект, пашпарт, лацінка, агрэсія, эміграцыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства