"Канвеер несхаванай цэнзуры". Тлумачым, як у Беларусі прызнаюць матэрыялы "экстрэмісцкімі"
Па стане на 1 лістапада 2024 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесена 6565 пазіцый. На дадзены момант судамі Беларусі вынесена 3406 рашэнняў аб прызнанні "экстрэміцскімі" матэрыялаў. У якім парадку прызнаюцца матэрыялы "экстрэмісцкімі"? Як праходзяць суды? Ці можна абскардзіць такое рашэнне? Чаму апошнім часам улады зноў пачалі масава прызнаваць старонкі інфлюенсераў і музыкаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі"? На гэтыя пытанні адказвае Юрыдычная служба "Вясны".
Прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі складаецца з умоўных чатырох стадый:
- Ініцыятыва. Дзяржаўныя органы, якія змагаюцца з экстрэмізмам (ад МУС да Міністэрства інфармацыі), падаюць запыт у спецыяльныя камісіі.
- Ацэнка. Камісіі (Рэспубліканская, абласныя і Мінская гарадская) аналізуюць матэрыялы на прыкметы экстрэмізму.
- Суд. Пасля ацэнкі справа перадаецца ў суд, які прымае канчатковае рашэнне. Працэсы адбываюцца ў закрытым рэжыме, а змест матэрыялаў не раскрываецца.
- Уключэнне ў спіс. Пасля суда матэрыялы заносяцца Міністэрствам інфармацыі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Падрабязней пра кожны з этапаў.
Ініцыятыва.
Працэс прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі пачынаецца з паведамлення дзяржаўных органаў, якія адказныя за супрацьдзеянне экстрэмізму, камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх прыкмет "экстрэмізму".
Спіс органаў, адказных за "супрацьдзеянне экстрэмізму"
органы ўнутраных спраў;
органы дзяржаўнай бяспекі;
органы пракуратуры;
органы пагранічнай службы;
мытныя органы;
орган дзяржаўнай аховы;
Следчы камітэт;
рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы культуры;
рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі;
рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы адукацыі;
рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання па справах рэлігій і нацыянальнасцей; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі;
органы юстыцыі;
органы фінансавых расследаванняў КДК;
мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Напрыклад, прызанне інфармацыйнай прадукцыі Праваабарончага цэнтра "Вясна" і яго філій "экстрэмісцкімі матэрыяламі" ініцыявала восьмае ўпраўленне ГУБАЗіКА па Гомельскай вобласці. 27 студзеня 2022 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля задаволіў заяву і прыняў адпаведнае рашэнне. |
Як адзначаюць юрысты, каб зрабіць працэс прызнання матэрыялаў “экстрэмісцкімі” больш ручным, хуткім і канвеерным, у кастрычніку 2023 года былі ўнесеныя змены ў заканадаўства. Згодна з імі, гэтыя суб’екты мусяць не проста паведамляць, але і апісваць абставіны распаўсюду такіх матэрыялаў, а таксама даваць меркаваныя прыкметы праяваў “экстрэмізму”, то бок прадстаўляць камісіі як мага больш хоць нейкай інфармацыі для прыняцця адпаведнага рашэння.
Таікм чынам, у працэсе прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі вялікая роля адводзіцца органам, якія супрацьдзейнічаюць экстрэмізму. Увесь працэс трымаецца на іх ініцыятыве і падсправаздачнасці. Нават на заканадаўчым узроўні адзначана, што яны мусяць паведамляць у МУС, як і што зрабілі, каб спыніць "экстрэмізм":
"Суб'екты супрацьдзеяння экстрэмізму накіроўваюць у Міністэрства ўнутраных спраў не радзей чым адзін раз у паўгоддзе (не пазней за 15 студзеня і 15 ліпеня) інфармацыю аб прынятых мерах супрацьдзеяння экстрэмізму. Гэта не датычыцца інфармацыі, якая ўжо ўтрымліваецца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях. Такая перадача ажыццяўляецца праз сістэму міжведамаснага электроннага дакументаабароту дзяржаўных органаў. У выпадку неабходнасці дакументы могуць накіроўвацца ў парадку, вызначаным для працы з матэрыяламі, якія ўтрымліваюць службовую інфармацыю абмежаванага распаўсюджвання, ці па правілах сакрэтнага справаводства (п. 1.1 Пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2021 г. № 575 "Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму").
Ацэнка матэрыялаў на прадмет "экстрэмізму".
Камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх прыкмет "экстрэмізму" падзяляюцца на Рэспубліканскую, абласныя і Мінскую гарадскую. Такім чынам, гэта некалькі адмысловых органаў размеркаваных тэрытарыяльна з падпарадкаваннем і падсправаздачнасцю Рэспубліканскай камісіі. Яшчэ вышэй камісіі падпарадкоўваюцца Міністэрству інфармацыі і працуюць за кошт яго бюджэту.
"Ацэнка ажыццяўляецца паводле палітычных матываў сябрамі камісій, якія адначасова займаюць дзяржаўныя пасады ці маюць сувязь з дзяржаўнымі структурамі, ды без належнага аналізу і абгрунтавання.
Працэс прызнання прадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі чальцамі камісій нельга назваць аб'ектыўным, празрыстым і экспертным. Пры гэтым на заканадаўчым узроўні да іх выстаўляюцца размытыя патрабаванні адносна складаў, задач, правоў і абавязкаў сябраў камісіі, а таксама рэгламенту прыняцця рашэнняў", — адзначаюць юрысты.
З кастрычніку 2023 года рашэнне можа прымацца нават адным чальцом камісіі. Калі раней тэрмін правядзення ацэнкі на экстрэмізм адносна аб'екта ацэнкі складаў не больш за 30 дзён са дня рэгістрацыі камісіяй такога абыходжання з дадаткам аб'екта ацэнкі, то з 22 кастрычніка 2023 г. — не больш за 30 дзён са дня паступлення звароту ў камісію з дадаткам аб'екта ацэнкі (ч.1 п. 13 новага Палажэння аб ацэнцы).
З 22 кастрычніка 2023 года дакладна замацавана палажэнне аб тым, што да такой ацэнкі неабходна прыцягваць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, навукоўцаў, спецыялістаў розных сфер дзейнасці, грамадскіх дзеячаў, якія не з'яўляюцца членамі Рэспубліканскай камісіі, Мінскай гарадской камісіі і абласных камісій (ч. 1 п. 13 новага Палажэння аб ацэнцы).
Заключэнне Рэспубліканскай камісіі выдаецца ў двух экзэмплярах. Адзін экзэмпляр з дадаткам аб'екта ацэнкі накіроўваецца дзяржаўнаму органу, які падаў зварот, на працягу трох рабочых дзён пасля афармлення такога заключэння, другі — захоўваецца ў Рэспубліканскай камісіі.
Суд.
Заява суб'екта супрацьдзеяння экстрэмізму або пракурора аб прызнанні сімволікі і атрыбутыкі (за выключэннем нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі), інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі разглядаецца судом у парадку асаблівай вытворчасці.
Працэсы адбываюцца ў закрытым рэжыме, а змест матэрыялаў і прычыны прызнання не раскрываюцца.
Уключэнне ў афіцыйны спіс.
Копія рашэння суда, якое ўступіла ў законную сілу, аб прызнанні сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" накіроўваецца ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі для ўключэння гэтых сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які падлягае размяшчэнню на сайце гэтага органа. глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт і апублікаванню ў сродках масавай інфармацыі.
Змест інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, разгалашэнню не падлягае. Вядзенне рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, яго размяшчэнне ў глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт і апублікаванне ў сродках масавай інфармацыі ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Абскарджванне.
На стадыі ацэнкі матэрыялаў на прадмет экстрэмізму скаргу ў Рэспубліканскую камісію па ацэнцы могуць накіраваць толькі дзяржаўныя органы, якія падалі адпаведны зварот.
"Такім чынам скарга тут фігуруе не з мэтай аднаўлення парушаных правоў, а з мэтай кантролю дзейнасці камісій, на выпадак, калі яны не знойдуць у матэрыялах ніякага “экстрэмізму”, бо органы, якія ініцыявалі працэс, відавочна зацікаўлены ў прызнанні як мага большай колькасці матэрыялаў экстрэмісцкімі. Гэта ўкладваецца ў іх задачы — супрацьдзеянне экстрэмізму, больш за тое, яны павінны рэгулярна даваць справаздачу аб тым, як правялі працу па супрацьдзеянні экстрэмізму", — кажуць юрысты.
У адрозненне ад абласных або Мінскай гарадской камісій па ацэнцы, заключэнні Рэспубліканскай камісіі па ацэнцы (як вышэйшай інстанцыі па гэтым напрамку дзейнасці) не могуць абскарджвацца дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму (у межах сваёй кампетэнцыі).
Закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" не прадугледжвае працэдуры для выключэння інфармацыйнай прадукцыі са спісу. Верагодна, падставай для выключэння матэрыялу са спісу можа стаць адмена адпаведнага судовага рашэння, аднак на практыцы такіх выпадкаў не зафіксавана. Абскардзіць такое рашэнне можна толькі калі раней суд прызнаў чалавека зацікаўленай асобай.
Рашэнне суда аб прызнанні сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" можа быць абскарджана толькі тым чалавекам, які прызнаны судом зацікаўленай асобай.
Зацікаўленыя грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць быць прыцягнуты да справы па хадайніцтве заяўніка, пракурора, па ініцыятыве суда або могуць уступіць у справу па сваёй ініцыятыве.
Праўда, якім чынам, чалавек можа стаць зацікаўленай асобай па справе ва ўмовах закрытых дзвярэй, незразумела. Заканадаўства і практыка не прадугледжвае актыўнае ўключэнне зацікаўленых асобаў, напрыклад, аўтараў, у працэс прызнання матэрыялаў “экстрэмісцкімі”: нават у раскладзе судоў пры разглядзе адпаведнай справы не пазначаюцца ніякія прыкметы канкрэтных матэрыялаў, але пішуць абагулена, што будзе разглядацца пытанне прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі.
Масавае прызнанне старонак інфлюенсераў "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў прадугледжвае іх забарону і адміністрацыйную адказнасць за ўзаемадзеянне з ёю на падставе арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, выданне, захоўванне ці перавозка ў мэтах распаўсюду) з накладаннем спагнання ў выглядзе штрафу, грамадскіх прац ці адміністрацыйнага арышту да 15 сутак.
"Таму адказ такі: інфлюенсеры папросту трапілі ў канвеер несхаванай цэнзуры. Камісіі, а потым і суды не вывучаюць і не ацэньваюць матэрыялы з пункту гледжання сапраўднага экстрэмізму, але з пункту гледжання непажаданасці для рэжыму. У той жа час, дзяржаўныя органы, якія выконваюць абавязкі па супрацьдзеянні “экстрэмізму” вымушаныя працягваць сваю “працу”, каб было як справаздачыцца. Болей за тое, працэс прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі рызыкуе быць бясконцым праз адсутнасць канкрэтных і вычарпальных падстаў, пакуль існуюць зашырокія фармулёўкі ў заканадаўстве і палітычная воля".