viasna on patreon

Еўрапейскія “зялёныя” патрабуюць вызваленьня прафесара Юрыя Бандажэўскага

2004 2004-04-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэбэка Хармс, галоўная кандыдатка ў Эўрапарлямэнт ад партыі нямецкіх “зялёных” (гэтыя выбары адбудуцца сёлета ў чэрвені) лічыць справай гонару эўрапейцаў адказнасьць за лёс беларускага прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Спадарыня Хармс заклікала эўрапейскіх “зялёных”, праваабаронцаў і грамадзкасьць далучыцца да кампаніі беларускага навукоўца.
47-гадовая Рэбэка Хармс, альбо, як яе называюць назіральнікі, “першая сярод нямецкіх “зялёных”, прапануе эўрапейцам напісаць адпаведныя лісты да ўласных міністраў замежных справаў. У гэтым зьвязку ўрады эўрапейскіх краінаў мусяць аказаць адпаведны дыпляматычны ціск на беларускі ўрад і адсочваць, як беларускія ўлады адрэагуюць на яго. Ня так даўно ў выніку ініцыятывы Рэбэкі Хармс і яе сяброў-праваабаронцаў зь Нямеччыны і Францыі заснаваны адмысловы фонд падтрымкі Юрыя Бандажэўскага.

Паводле нямецкіх журналістаў, колішняй ляндшафтнай дызайнэрцы і кінадакумэнталістцы, а потым лідэру фракцыі “зялёных” у зямельным ляндтагу Ніжняй Саксоніі, заўсёды ўдавалася прыцягнуць увагу да тых справаў, якія наўмысна замоўчваліся пэўнымі ўплывовымі коламі. Менавіта Рэбэка Хармс зьвярнула ўвагу грамадзтва на праблему перазахоўваньня радыяактыўных адкідаў на тэрыторыі былых савецкіх краінаў альбо да афэры з “сутачнымі” грашыма эўрапейскіх парлямэнтароў.
Спадарыня Хармс адмовілася камэнтаваць беларускую сытуацыю, ва ўмовах якой падтрымаць Бандажэўскага і ягоную сям’ю (хаця бы маральна) баяцца многія ягоныя колішнія сябры і вучні.
Паводле Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства