З 28-га траўня мінская друкарня "Светач" скасоўвае дамову з рэдакцыяй недзяржаўнай ваўкавыскай "Местной газеты"
Рэдакцыя ўжо атрымала ліст з паведамленнем аб скасаванні дамовы. У якасці прычыны "Светач" называе фінансавую запазычанасць рэдакцыі, -- паведамляе прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
26-га траўня друкарня павінна была выпусціць апошні нумар выдання. Аднак у гэты дзень галоўнаму рэдактару выдання Андрэю Шантаровічу патэлефанаваў начальнік вытворчасці Сяргей Чаргінец і заявіў, што "не можа прапусціць" адну з публікацый, прапанаваўшы замяніць яе на іншую. Гаворка ішла пра артыкул аб карупцыі ў ваўкавыскай падаткавай інспекцыі. Сп. Шантаровіч адмовіўся мяняць матэрыял і прапанаваў друкарні пакінуць на яго месцы "белую пляму". Праз гадзіну начальнік вытворчасці паведаміў, што нумар цалкам зняты з друку.
Друкарні ў Мінску, Баранавічах і Слоніме, у якія ўжо звярнуўся галоўны рэдактар "Местной газеты", таксама адмовіліся супрацоўнічаць з рэдакцыяй.
"Светач" выпускаў "Местную газету" на працягу амаль усяго апошняга года. Па словах галоўнага рэдактара, увесь гэты час разлікі з друкарняй вяліся з невялікім спазненнем, і ў апошні час нічога ў гэтым плане не змянілася. Адной з прычын адмовы ад супрацоўніцтва А. Шантаровіч лічыць серыю вострых публікацый аб працы падаткавай інспекцыі, першая з якіх з'явілася на мінулым тыдні. Сп. Шантаровіч кажа, што са з'яўленнем яго газеты ў 2001 г. у мясцовай "раёнкі" істотна знізіўся наклад. "Відавочна, улады не выконваюць "ідэалагічную праграму", і таму вырашылі змагацца з канкурэнтамі іншым спосабам", - рэзюмуе А. Шантаровіч.
Два тыдні таму "Светач" адмовіўся друкаваць "Новую газету Сморгони".