26-га траўня Адміністрацыйная камісія Ленінскага раёна Гродна пакарала галоўнага рэдактара газеты "День" Міколу Маркевіча штрафам у памеры адной базавай велічыні (19 тыс. руб.) і канфіскацыяй накладу газеты (БАЖ)
Камісія палічыла, што рэдактар вінаваты ў незаконным распаўсюдзе друкаванага выдання (ч. 3 арт. 172 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях). Паводле гэтага артыкула, незаконным лічыцца распаўсюд выданняў, вырабленых з парушэннем усталяванага парадку, якія не маюць выдавецкіх звестак і змест якіх можа нанесці шкоду дзяржаўнаму і грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян. (Прэтэнзіі работнікаў міліцыі выклікала публікацыя меркавання кіраўніка прадпрымальніцкага страйкаму Валерыя Леванеўскага, які разважаў пра тое, ці могуць беларусы бараніць свае правы шляхам актыўнага пратэсту. Гэты матэрыял быў расцэнены як патэнцыйна небяспечны).
Мікола Маркевіч сцвярджае, што прыцягнуты да адказнасці незаконна, бо не займаецца распаўсюдам газеты "День". Распаўсюду выдання не было, бо міліцыянты затрымалі яго раней, чым газета трапіла да распаўсюднікаў. Дарэчы, нягледзячы на тое, што наклад газеты "День" быў затрыманы на Івейскім посце ДАІ 7-га красавіка, пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні міліцыя склала толькі 29-га красавіка. Паводле М.Маркевіча, наклад газеты быў выраблены ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі заканадаўства і меў усе выдавецкія звесткі, якіх парабуе Закон аб друку. Змест газеты ні грамадскаму парадку, ні правам грамадзян не пагражаў, а меркаванне В.Леванеўскага было выказана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і не было заклікам да незаконных дзеянняў.
На думку намесніка старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" юрыста Андрэя Бастунца, артыкул 172 КоАП, паводле якога быў пакараны М. Маркевіч, наогул не датычыць дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Ён вызначае адказнасць за парушэнне правілаў распаўсюду ўлётак і г. д., а адказназць за парушэнне заканадаўства аб СМІ вызначаецца артыкулам 172-1. "Паводле арт. 25 Закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі", канфіскацыя накладу ці часткі накладу прадукцыі СМІ можа адбыцца толькі на падставе рашэння суда, - кажа А. Бастунец. - У выпадку з газетай "День" атрымалася, што рашэнне Адміністрацыйнай камісіі аб канфіскацыі накладу выдання фактычна адмяніла дзеянне Закона аб друку".
М.Маркевіч плануе абскардзіць рашэнне камісіі ў судзе.
Склад камісіі, якая прымала пастанову аб прыцягненні М.Маркевіча да адміністратыўнай адказнасці і канфіскацыі накладу газеты "День":
1. Бялінскі Алег- кіраўнік справаў Адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна (старшыня камісіі)
2. Янкоўская Ксенія - адказны сакратар камісіі
3. Багалюбава Алена - галоўны інспектар аддзела сацыяльнай абароны Адміністрацыі Ленінскага раёна
4. Коўшык Святлана - спецыяліст аддзела эканомікі Адміністрацыі Ленінскага раёна
5. Кароткіна Наталля - прадстаўнік УЖРЭП Ленінскага р-на
6. Малчанава Марыя - начальнік аддзела гарадскога Упраўлення гігіены і эпідэміялогіі
7. Радчанка-Юрэчка Аляксей - начальнік аддзела юрыдычнай і кадравай работы падаткавай інспекцыі Ленінскага р-на
8. Хілько Аляксандр - намеснік начальніка РАУС Ленінскага р-на
9. Ганчарэнка Мікалай -- галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ Ленініскага
р-на.