viasna on patreon

Суд Маларыцкага раёну абвесьціў папярэджаньне дэпутату мясцовага райсавету, юрысту Праваабарончага цэнтру “Вясна”, сябру Партыі БНФ Уладзіміру Малею

2004 2004-06-29T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пакараньне вынесенае Ўладзімеру Малею за правядзеньне ў вёсцы Струга сустрэчы з выбарцамі, якая тычылася будаўніцтва паблізу гэтага населенага пункту могільніку радыяактыўных адкідаў.

Сустрэча дэпутата Маларыцкага райсавету Ўладзімера Малея з выбарцамі вёскі Струга была ўспрынятая мясцовымі міліцыянтамі, а пазьней і судом, як несанкцыянаваны сход, за што дэпутат мусіць несьці адміністрацыйную адказнасьць. Насуперак нормам заканадаўства справа разглядалася ў адсутнасьці спадара Малея, які паведаміў, што ня зможа ў вызначаны час прысутнічаць у судзе.

Дарэчы, у часе правядзеньня сходу ў вёсцы Струга знаходзіліся і прадстаўнікі Маларыцкага райвыканкаму, якія нічога не казалі пра парушэньне закону. Таму Ўладзімер Малей лічыць, што вынесенае пакараньне мае іншую прычыну.

(Малей: ) “Што цікава, гэтая адміністрацыйная справа заведзеная праз паўтара месяца, пасьля таго, як усё адбылося. Я мяркую, што матывам завядзеньня адміністрацыйнай справы зьявілася тое, што Партыя БНФ падала ў суд на спадар Строка, начальніка аддзелу інфармацыі Маларыцкага раёну, за тое, што ён сказаў, што Партыя БНФ у гады Вялікай Айчыннай вайны была на баку фашыстоўскай Германіі. Вось як помста дэпутату і зьявілася гэтая адміністрацыйная справа. Канечне, я ня згодны з гэтым рашэньнем: тут парушаныя працэсуальныя правы”.

Сустрэча дэпутата з выбарцамі вёскі Струга тычылася будаўніцтва паблізу гэтага населенага пункту могільніку радыяактыўных адкідаў. Не зважаючы на пратэсты мясцовых жыхароў, гэтыя адкіды ўжо пачалі завозіць зь Берасьця, і да пачатку восені ўся справа мусіць быць заверашаная. Забруджаны радыяцыяй грунт зьявіўся ў Берасьці пасьля таго, як у савецкі час у горадзе перагружалі ўранавую руду, што везьлі з Усходняй Эўропы ў Расею.
Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства