Мечыслаў Грыб пра “свабоду выбараў”: “Гэта паказвае, што будзе наперадзе. Сярод тысячы чалавек значна прасьцей знайсьці адказьнікоў...”
Згодна з інфармацыяй па нерэгістрацыі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты, атрыманай Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, найчасьцей прымяняўся артыкул 5 Выбарчага кодэксу – парушэньне прынцыпу “свабоды выбараў”. Трэба адзначыць, што гэта “ноў-хаў” сёлетняй выбарчай кампаніі. Наколькі гэта адпавядае дзеючаму выбарчаму закону і дзеля чаго прымяняецца, мы папрасілі пракаментаваць юрыстаў – Мечыслава Грыба, Уладзіміра Лабковіча і Юрыя Чавусава.
Мечыслаў Грыб:
Мне здаецца, што выканаўчая ўлада шукае найбольш прыймальныя і праўдападобныя магчымасьці, каб адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Яна шукае вузкія месцы, і мне здаецца, у дадзеным выпадку такім “вузкім месцам” з’яўляецца так званая “свабода выбараў”. У прынцыпе, гэта азначае: ці ты сам пагадзіўся стаць сябрам ініцыятыўнай групы, ці цябе падманулі, прымусілі. І на практыцы паўсюдна распачалося запалохваньне: калі ты будзеш працягваць знаходзіцца ў ініцыятыўнай групе – мы табе кантракт не працягнем, з працы звольнім ці нешта падобнае. І людзі вымушаныя выбіраць: выбары пройдуць, а што будзе пасьля?
На мой погляд, гэта прамы ўціск выканаўчай улады на волевыяўлееньне выбаршчыкаў. Я б разумеў, калі калі б сам выбаршчык, які ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы, падаў заяву – афіцыйна і без усялякага прымусу, што яго падманам уключылі ў гэтую групу, ці нешта абяцалі ды не далі, запалохалі. Тады б можна было гэтае пытаньне разглядаць. Але наколькі мне вядома, такіх заяваў ніхто не падаваў, усе гэткія пытаньні ўзьнікаюць пасьля такго, як гэтыя людзі сустракаюцца з прадстаўнікамі выканкамаў ці старшынямі акруговых камісіяў.
Як тлумачыла Цэнтральная каімісія ў сваіх рэкамендацыях, асноўныя патрабаваньні да сяброў ініцыятыўных групаў наступныя: каб узрост дазваляў быць выбаршчыкамі, каб яны былі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і свабода выбараў. Што датычыць апошняга – гэта самае складанае, таму на яго выканаўчая ўлада і зрабіла стаўку. А на месцах ужо ідуць неафіцыйныя ўказаньні, рэкамендацыі, магчыма, недзе і мясцовая ініцыятыва.
З якой такой нагоды выбарчыя камісіі так пачалі клапаціцца за магчымых кандыдатаў у дэпутаты, за якасьць сяброў іх ініцыятыўных групаў? Калі прэтэндэнт сам падабраў няякасную ініцыятыўную групу, то ён сам працуе супрацуь сябе. Чаму пра гэта павінна клапаціцца акруговая камісія і рабіць тое, што не ўваходзіць у яе паўнамоцтвы? І датычыць гэта выключна ініцыятыўных групаў апазіцыянераў. Зразумела, навошта гэта робіцца.
Самому выбаршчыку не даюць магчымасьці вырашыць, за каго галасаваць. Ва ўсіх краінах Цэнтральныя, акруговыя і іншыня камісіі стараюцца ня ўмешвацца ў гэты працэс, аддаюць усе сумнеўныя справы на вырашэньне выбаршчыка. У нас жа ўсё бяруць на сябе наміссіі: гэтага вы можаце выбіраць, а гэтага не.
Гэта паказвае, што будзе наперадзе – пасьля збору подпісаў. Сярод тысячы чалавек значна прасьцей знайсьці адказьнікаў, чым сярод 20. Правяраюць спачатку 20% подпісаў, і калі з гэтых подпісаў 15% будуць прызнаныя несапраўднымі, правяраецца яшчэ 15%. І калі з гэтай колькасьці таксама 15% будзе прызнана несапраўднымі, тады ўсе подпісы будуць лічыцца несапраўднымі і праверка спыніцца, кандыдат не рэгіструецца. Я ўпэўнены, што гэта будзе ўжывацца.
Уладзімір Лабковіч:
У сваіх рэкамендацыях для акруговых камісіяў Цэнтральная камісія напісала, што адной з падстаўваў нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы з’яўляецца парушэньне прынцыпу свабоды выбараў. І кропка. Без тлумачэньняў – што гэта, як ЦВК гэта трактуе. Гэта вельмі цудоўная рэч. Гэткія ацэначныя катэгорія дазвалюць рабіць што заўгодна – тут ужо ўсё залежыць ад фантазіі акруговых камісіяў, бо пад такі тэрмін як “свабода выбараў” можна падагнаць што заўгодна – было б жаданьне. І нідзе няма пэўнага трактаваньня. І тут узньнікае пытаньне: чамусьці на мясцовых выбарах, на прэзідэнцкіх, на парламенцкіх 2000 году ЦВК не хвалявалва пытаньне свабоды выбараў на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, у выбарчае заканадаўства ніякіх зьменаў на гэты конт не ўносілася, а зараз вынайшлі такую “навінку”. Спасылка на арт. 5 Выбарчага кодэксу ў гэтым выпадку некарэктная: там проста апісваецца ўся выбарчая сістэма, тое што выбары праводяцца свабода, добраахвотна, таемным галасаваньнем і г.д.
Юрый Чавусаў:
Выглядпае нават цынічным, калі пад артыкул, які прадугледжвае, што выбаршчык сам вырашае, за каго яму ставіць подпіс, за каго галасаваць у дзень выбараў, падганяецца тое, што людзям проста заломваюць рукі, пагражаюць не працягнуць кантракты, звольніць з працы, паступаюць ананімныя званкі, і з-за гэтага людзі проста вымушаныя не па сваёй волі сысьці з ініцыятыўных групаў. Яны выходзяць пад ціскам, а гэта падганяецца пад “свабоду выбараў”. Натуральна, з духу Выбарчага кодэксу нічога такога не сыходзіць. Проста ў дадзенай сітуацыі мы бачым, што калі дэмакратычныя сілы больш шчыльнымі шэрагамі пайшлі на выбары, то з’явілася небясьпека, што старая сістэма фальсіфікацыяў і перашкодаў можа не спрацаваць. Калі раней асноўны адсеў адбываўся на этапе рэгістрацыі і падліку галасоў, то зараз уведзенае трэцяе “сіта” – на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. А ўсё з-за таго, што Выбарчы кэдэкс, які стварае агульны падмурак выбарчай сістэмы, такі туманны, двухсэнсоўны, што дазваляе ўводзіць ў залежнасьці ад актыўнасьці грамадзтва дадатковыя “выбарчыя цэнзы”, магчымасьці пабудаваць сістэмы скажэньня волевыяўленьня грамадзянаў. Па тых акругах, дзе вядомыя, папулярныя асобы зьбіраліся балатавацца, яны ўжо ня могуць гэтага зрабіць, і выбаршчыкі за іх не прагаласуюць. І ўжо зараз можна казаць пра тое, што на дадзеным этапе вынікі выбараў скажаюцца, хаця да выбараў яшчэ два месяцы.
Зараз, калі ініцыятыўныя групы складаюць па 20 чалавек, мы можам зафіксаваць выпадкі ціску на іх, але калі пачнуць ціснуць на тых, хто паставіў свой подпіс за кандыдата, а гэта ўжо відавочна сёньня, гэта будзе значна боль шырокая плынь і, натуральна, кантракты, тут адыграюць сваю ролю.