viasna on patreon

Газета "Навінкі" зноў прыпынена

2004 2004-08-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 жніўня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч падпісаў загад аб прыпыненні выхаду газеты "Навінкі" тэрмінам на тры месяцы. Выданне звінавачваюць у парушэнні некалькіх артыкулаў Закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Паводле мінінфармацыі, рэдакцыя запозна паведаміла пра змену юрыдычнага адрасу, не дасылала "кантрольных" нумароў газеты ў дзяржаўныя органы, указала няпоўныя выходныя дадзеныя газеты, а таксама дапусціла пэўныя фінансавыя парушэнні.
Кіраўнік аддзелу рэгістрацыі міністэрства Віктар Гурэцкі лічыць, што санкцыі супраць "Навінак" за дапушчаныя парушэнні маглі б быць і больш жорсткімі. У сваю чаргу, галоўны рэдактар газеты Паўлюк Канавальчык упэўнены, што "новыя цкаванні выдання з боку ўладаў тлумачацца іх жаданнем выключыць "Навінкі" з інфармацыйнага поля і грамадскага жыцця напярэдадні і падчас правядзення парламенцкіх выбараў". Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным газетай прэс-рэлізе.

У мінулы раз выданне было прыпынена на такі ж самы тэрмін 22-га траўня мінулага года былым міністрам інфармацыі Міхаілам Падгайным. Перад гэтым газета была двойчы папярэджана па артыкуле 5 Закона аб друку: за "распаўсюд звестак, якія зневажаюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і за "замах на маральнасць, гонар і годнасць грамадзян". Пасля аднаўлення дзейнасці "Навінак" з імі доўгі час адмаўляліся супрацоўнічаць друкарні, а таксама перашкаджалі "гаспадарчыя праблемы, у сувязі з чым рэдакцыя толькі адносна нядаўна зноў наладзіла сваю працу", - гаворыцца ў прэс-рэлізе "Навінак ", паведаміла прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства