Адміністрыцыя Маскоўскага раёну Мінску адмаўляе евангельскім хрысціянам у арэндзе памяшканняў
Мінскія цэрквы “Новае Жыццё” і “Царква Ісуса Хрыста” (Аб’яднанне цэркваў хрысціянаў Поўнага Евангелля), а таксама “Новы Запавет” і “Надзея Збаўлення” (Саюз хрысціянаў веры Евангельскай) атрымалі адмову ў арэндзе залаў для багаслужэнняў. Рашэнне вынесла адміністрацыя Маскоўскага раёну г. Мінску. Прычынай адмовы стала недастатковае забеспячэнне рэлігійнымі абшчынамі “мераў па ажццяўленню кантрольна-прапускнога рэжыму ў цэрквах, забеспячэнню грамадcкай бяспекі і медыцынскага абслугоўвання”. Дагэтуль веруючыя збіраліся ў будынках у цэнтры гораду на вул. Берсана 1а і вул. Мяснікова 39в. Дакумент аб адмове падпісалі глава Адміністрацыі Маскоўскага раёну Дукар Я. М. і кіраўнік справамі раёну Бажэнаў Н. У.
Пастары евангельскіх цэркваў назвалі патрабаванні ўладаў абсурднымі і выказалі меркаванне, што ў стасунках мясцовых адміністрацыяў і цэркваў зараз пераважае т.зв.“тэлефоннае права”. “У такой сітуацыі дзіўна гучаць заявы Камітэта па справам рэлігій аб тым, што ў Беларусі захоўваецца спакойная сітуацыя ў галіне рэлігійных правоў і свабодаў,” – заявіў Барыс Чарнаглаз, пастар мінскай “Царквы Ісуса Хрыста”.
Ядвіга МАЦКЕВІЧ, інфармацыйны аддзел ПЦ «Вясна»