viasna on patreon

Цэнтральны суд адмовіў пратэстанцкаму пастару Яраславу Лукасіку ў задавальненьні іску

2007 2007-06-27T15:19:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну сталіцы адбылося судовае паседжаньне па справе грамадзяніна Польшчы Яраслава Лукасіка аб прызнаньні незаконным рашэньня начальніка Цэнтральнага РУУС, згодна з якім пратэстанцкі прапаведнік быў пакараны адміністратыўным штрафам за правядзеньне несанкцыянаванага богаслужэньня і дэпартаваны з Беларусі. 

На судовы разгляд скаргі ня быў дапушчаны адвакат Яраслава Лукасіка. Судзьдзя Тацяна Паўлючук патлумачыла гэта тым, што прадстаўленая  даверанасьць дазваляе ўдзельнічаць адвакату толькі ў грамадзянскіх справах.

Нягледзячы на тое, што каля 20 чалавек, у тым ліку і консул Польшчы, прыйшлі, каб папрысутнічаць на судовым паседжаньні, судзьдзя не паведаміла пра пачатак слуханьняў, і разгляд скаргі адбыўся фактычна ў адсутнасьць прадстаўнікоў з боку Яраслава Лукасіка. Менавіта ў гэты час разглядалася пытаньне аб дэпартацыі. Чацьвёра з прысутных змаглі патрапіць толькі на заканчэньне працэсу і заслухалі апошняго з трох сьведкаў-міліцыянтаў па факту правядзеньня несанкцыянаванага богаслужэньня. Як адзначыла жонка пастара Натальля Лукасік, міліцыянт блытаўся ў сваіх сьведчаньнях, таму яны ніяк ня могуць служыць доказам віноўнасьці яе мужа. На завяршэньне судовага разгляду судзьдзя зачытала, што таксама да матэрыялаў адміністратыўнай справы далучаны гука-запіс пропаведзі Яраслава Лукасіка, прадстаўлены сьпецслужбамі, і нібыта матэрыялы з інтэрнэту, якія сьведчаць пра зьдзейсьненае пратэстанцкім пастарам правапарушэньне.

У выніку, судзьдзя Тацяна Паўлючук вырашыла адмовіць Яраслава Лукасіку ў задавальненьні скаргі на пастанову Цэнтральнага РУУС Менску і прызнала ягоную дэпартацыю законнай.

Жонка пратэстанцкага прапаведніка, грамадзянка Беларусі Натальля Лукасік лічыць, што разгляд быў аднабаковы, неаб'ектыўны  і некампетэнтны. Да таго ж ім не паведамілі загадзя пра маючае адбыцца судовае паседжаньне, як гэта прадугледжана дзеючым заканадаўствам, а даведалася яна пра яго выпадкова, пазваніўшы напярэдадні ў канцэлярыю суду. "Безумоўна, мы ня згодны з прынятым рашэньнем Цэнтральнага райсуду і будзем абскарджваць яго ў Менскім гарадзкім судзе, далей дамагацца справядлівасьці. Але дзеці вельмі просяць мяне як мага хутчэй паехаць да таты, таму цалкам верагодна, што ў хуткім часе мы вымушаны будзем пакінуць Беларусь, і змагацца за свае правы стане яшчэ больш складаным", - зазначыла Натальля Лукасік.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства