viasna on patreon

Грамадзкага актывіста з Берасьця запрашаюць ў летнік для непаўнагадовых, якія знаходзяцца на ўліку ў міліцыі

2007 2007-06-27T16:01:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vyhavanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 чэрвеня Міхасю Ільіну, навучэнцу Палітэхнічнага каледжа, куратар сказаў прыйсьці 27 чэрвеня ці то на размову, ці то на педсавет у сувязі з тым, што ён стаіць на ўліку ў камісіі па справах непаўнагадовых за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

26 чэрвеня праваабаронца Уладзімір Вялічкін прыйшоў у каледж і высьветліў, што ў Міхася з вучобай і наведваньнем заняткаў праблемаў няма, аднак службовая асоба з кабінету сацыяльнага педагога і псіхолага сказала, што навучэнец п’е. Сп. Вялічкін абурыўся, бо асабіста ніколі ня бачыў Міхася п’яным, настаўнікі, да якіх ён зьвяртаўся, таксама нічога падобнага не заўважалі. Тады сп. Вялічкін зьвярнуўся да намесьніцы дырэктара па выхаваўчай працы, Волікавай Людмілы Васільеўны, якая неахвотна пацьвердзіла, што сапраўды Міхась стаіць на ўліку ў камісіі па справах непаўнагадовых Маскоўскага раёна г. Брэста і менавіта за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах: “Ён такі адзіны на ўвесь каледж, раней, праўда, быў яшчэ адзін – на выбарах улёткі вазіў, за што яго і затрымалі”. Намесьніца пацьвердзіла, што 27-га чэрвеня з вучнямі, якія знаходзяцца на ўліку, будзе праводзіцца размова наконт правядзеньня летняга адпачынку, ім будзе прапанавана прыняць удзел у летніку для непаўнагадовых, знаходзячыхся на ўліку ў камісіі, каб яны не бадзяліся без нагляду і ня здзейсьнілі злачынстваў. Яна таксама лічыць, што ўдзел у выбарах і ў іншых мерапрыемствах, якія праводзіць апазіцыя, супярэчаць Канстытуцыі, і такім чынам выкарыстоўваецца моладзь, у якой яшчэ нясьпелая сьвядомасьць.

Тлумачэньні, чаму бацькі не праінфармаваныя аб пастаноўцы іх сына, Міхася, на ўлік, былі яўна надуманымі, бачна, што інфармаваньне бацькоў у планы адміністрацыі каледжу не ўваходзіла, бо бацькі апазіцыянеры.

Сітуацыю каментуе Уладзімір Вялічкін: “Адміністрацыя школы па ўказцы з аддзелу прафілактыкі Маскоўскага РАУС г.Брэста і камісіі па справах непаўнагадовых пры адміністрацыі Маскоўскага раёну праводзіць “прафілактычную” працу з Міхасём Ільіным. Жах бярэ, калі бачыш, што беларускія ўлады хлопца, які ня п’е, ня курыць, ня крадзе, не лаецца, ня бьецца, не парушае правапарадак і не зьдзяйсьняе злачынстваў толькі за тое, што мае іншыя ад “дзяржаўных” погляды, хочуць “паламаць”, па крымінальнаму “апусьціць” – зьмясьціць ў асяродзьдзе той моладзі, якая менавіта п’е, курыць, колецца, нюхае, крадзе, лаецца, бьецца, парушае правапарадак і зьдзяйсьняе злачынствы. Які можа быць вынік такога “выхаваньня”, мяркую, каментаваць не патрэбна, я сам педагог па адукацыі і мяне гэта абурае! Хай вынаходнікі гэтага метаду ў такіх летніках сваіх дзяцей выхоўваюць!”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства