Аляксей Трубкін: "За паўгады ў маім кампутары магло зьявіцца што заўгодна"
Маладзёвы актывіст, сябра Партыі БНФ Аляксей Трубкін каментуе сюжэт Першага каналу пра затрыманыя ноўтбукі з дапаможнікамі па тэрарызму. "Па праўдзе кажучы, не ведаю наконт астатніх, але ў мяне кампутар быў практычна чысты: было трохі музыкі, нейкіх там гульняў, - заявіў Аляксей Трубкін. - Ня ведаю, адкуль там магло штосьці зьявіцца… Дык гэты "комп" ужо паўгода ў іх, я ня ведаю, за паўгады можна было туды такога "зьліць", што проста… чаго заўгодна".
Паводле сябра Партыі БНФ Аляксея Трубкіна, ён і надалей будзе ліставаць "у мытню гарадзенскую, каб мне вярнулі мой кампутар, бо я гэта ўжо раблю апошнія паўгады, кожны месяц мы дасылаем лісты".
"Бо калі яго забіралі напрыканцы снежня, мне сказалі, што забіраюць яго на праверку. Колькі гэта праверка будзе доўжыцца — так і не сказалі, - кажа спадар Трубкін. - Мы напісалі першы ліст, нам адказалі, што праверка пачалася, ідзе. Потым другі, трэці — і так кожны месяц пісалі, і кожны месяц нам давалі адказ, што праверка ідзе, што ня могуць залезьці без пароля".
Аляксей Трубкін не зьбіраецца судзіцца зь Першым каналам.
"Ну а што тут зробіш з БТ. Падаваць у суд, каб яны пасля паказалі гэты кампутар з гэтымі файлам… Па-мойму, ня мае сэнсу, бо былі ў нашых хлопцаў выпадкі, калі яшчэ да выбараў канфіскавалі тэхніку, а пасьля аддавалі, але паказвалі, што ў іх на "кампах". Кшталту шантажа. Маўляў, будзеце пісаць — пакажам, што ў вас тут..." - кажа Аляксей Трубкін.
Нагадаем, Першы тэлеканал у нядзельным вечаровым эфіры паведаміў, што на беларускай мытні нібыта затрыманыя ноўтбукі з электроннымі матэрыяламі адпаведнага зьместу.
Было сказана, што іх везьлі чатыры маладыя актывісты апазыцыі, што навучаюцца ў Польшчы. А ў схаваных файлах былі знойдзеныя: электронная энцыкляпэдыя мін і выбуховых прыстасаваньняў, "Настольная кніга тэрарыста", матэрыялы па правядзеньні тэрактаў, а таксама кніга "100 спосабаў самазабойства".