viasna on patreon

Горадня: устаноўчы сход прагаласаваў за мясцовы рэфэрэндум

2007 2007-07-27T11:13:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/grodno.jpg

Учора, 26 ліпеня ўвечары ў Горадні адбыўся ўстаноўчы сход ініцыятыўнай групы для правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму, прысьвечанага праблемам захаваньня гісторыка-культурнага ансамблю цэнтральнай часткі гораду.

У сходзе ўдзельнічалі 64 чалавекі, пераважна моладзь. Кіраўніком групы абраны доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Зараз сьпіс ініцыятыўнай групы, у якой агулам 126 чалавек, а таксама пытаньні для рэфэрэндуму будуць перададзеныя для рэгістрацыі ў гарвыканкам.

Каардынатарам папярэдняга працэсу быў Вадзім Саранчукоў. Ён адказаў, што было галоўнай праблемай, чаму давялося некалькі разоў адкладаць дату правядзеньня сходу.

“Гэта дастаткова складаная працэдура. Адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы могуць на любой фармальнай падставе. У тым ліку, калі ўлады палічаць: тыя пытаньні, што выносяцца на рэфэрэндум, не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Таму асноўнай прычынай была экспэртыза гэтых пытаньняў, каб выключыць нават мінімальную магчымасьць нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы”.

Павал Мажэйка ўдзельнічае ў кампаніі па абароне гістарычнай забудовы Горадні ад разбурэньняў. Пытаюся ў яго, якія вынікі змаганьня, улады зьвярталі на гэта ўвагу ці не?

“Магу сказаць, што мы, абаронцы Горадні, дасягнулі самай важнай мэты, гэта — інфармаваньне гарадзенцаў пра тое, што сапраўды адбываецца, і якія пляны выношваюць гарадзкія ўлады па зьнішчэньнях у гістарычнай частцы Горадні. Яны ўсе свае пляны трымалі ў таямніцы, і для нас было вельмі важна, каб як мага больш гарадзенцаў дазналася пра тое, што горад зьнішчаюць і пра тое, што ёсьць людзі, якія гатовыя абараняць яго. У выніку ўлада ў сваю чаргу пачала інфармацыйную вайну, мы так гэта называем, –супраць абаронцаў Горадні, публікуючы мноства артыкулаў у газэтах, у інтэрнэце, чым яны толькі прыцягваюць увагу яшчэ большай часткі гарадзенцаў да праблемы зьнішчэньня архітэктуры”,– сказаў Павал Мажэйка.

Адным зь ініцыятараў правядзеньня рэфэрэндуму стаў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук:

“Спадзаюся, што нас падтрымае значная частка гарадзенцаў. Здаецца, тыдзень таму была інфармацыя, што на сайце выканкаму зьявілася апытаньне наконт стаўленьня да рэканструкцыі, і з тых, хто адказаў на пытаньне, дзевяноста адсоткаў адмоўна выказаліся адносна рэканструкцыі”.

Карэспандэнт: “А ці не выклікае скепсіс тое, што пэнсыянэры не карыстаюцца інтэрнэтам і не маглі ўдзельнічаць у гэтым апытаньні на сайце? А між тым пэнсыянэры самыя актыўныя ўдзельнікі ўсіх рэфэрэндумаў і выбараў таксама”.

Смалянчук: “Я ведаю розных пэнсыянэраў. Ёсьць такія, што кідаліся тут на здымачную групу расейскага тэлебачаньня, ды спрабавалі разагнаць флэш-моб. Але таксама ёсьць іншыя пэнсыянэры. І я ня думаю, што ўсе зь іх настроеныя нэгатыўна супраць нашай акцыі. Пэнсыянэры таксама гарадзенцы, і сярод іх ёсьць розныя людзі”.

Удзельнікі сходу лічаць, што гарадзенцам трэба прапанаваць выказацца па наступных пытаньнях:
–пабудова чацьвёртага мосту цераз Нёман, каб разгрузіць гістарычную забудову ад транспарту і зрабіць яе пешаходнай зонай.
–адмена ўсіх рашэньняў аб разбурэньні будынкаў ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзяў.
–увесь працэс рэканструкцыі павінен адбывацца адкрыта і публічна.
–прапанова аднавіць гатычны касьцёл — Фару Вітаўта, што быў зруйнаваны напачатку 1960-х гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства