Удзельнікаў "Басовішча" звальняюць з працы за прагулы
Супрацоўнікі Берасцейскага тэлебачання збіраюць подпісы супраць рашэння кіраўніцтва. Прычыну расправы з гукарэжысёрамі яны лічаць абсурднай.
Канфлікты з начальствам у барабаншчыка гурта "Сьцяна" Лёшы Кузняцова і гітарыста-вакаліста Пашы Прохарава пачаліся задоўга да знакамітага фэсту ў Польшчы. Дырэктар тэлерадыёкампаніі "Берасце" Ларыса Дабрадомава наадрэз адмаўлялася выслухваць музыкаў, забараніўшы ім з'яжджаць на выходныя для ўдзелу ў фэсце: маўляў, працаваць няма каму.
Пазней, падавалася, знайшлі кампраміс. Хлопцы прапанавалі для двухдзённай замены кандыдатуру былога гукавіка. Але перад самым ад'ездам такі варыянт таксама не задаволіў Дабрадомаву.
"Сьцяна", як доўгачаканы госць праграмы, не магла прапусціць "Басовішча". Паехаў увесь склад. Кузняцоў і Прохараў сыйшлі з працы, як гаворыцца, па-ангельску.
Па вяртанні з Польшчы хлопцаў чакаў скандал. Яго вынік: сёмага жніўня ў рокераў апошні працоўны дзень. Яны будуць звольненыя па артыкуле за прагулы.
– Юрыдычна, вядома, кіраўніцтва мае рацыю, – каментуе журналіст ТРК "Берасце". – Але я катэгарычна супраць такога рашэння. Чаму не пайсці насустрач добрым хлопцам, тым больш, была альтэрнатыва. І звальняць за гэта па артыкуле – дурное.
Дарэчы тых журналістаў, хто падпісаўся пад просьбай не звальняць хлопцаў, спадарыня Дабрадомава выклікала да сябе і праводзіла доўгія прафілактычныя гутаркі, якія ў асноўным звадзіліся да пагроз і абяцанняў, што "ты наступны".