Асуджаны моладзевыя актывісты Франак Вячорка і Яраслаў Грышчэня
У судзе Заводскага раёну Менска сёньня разглядалася адміністрацыйная справа сябра партыі БНФ Франака Вячоркі. Актывіст быў затрыманы 27 ліпеня пад час правядзеньня акцыі, прымеркаванай да гадавіны прыняцьця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі.
Нагадаем, што пасля затрыманьня Франак Вячорка знаходзіўся ў Заводскім РУУСе, затым яго адвезлі ў спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, дзе ён у чаканьні суда правёў выхадныя. Падставай для складаньня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні з’явіліся налепкі, якія былі знойдзены ў Франака. Суддзя Раманава пакарала моладзевага актывіста арыштам на 7 сутак па артыкуле 23.34 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства).
Таксама сёньня ў судзе Ленінскага раёну слухалася адміністрацыйная справа моладзевага актывіста Яраслава Грышчэні. Ён таксама быў затрыманы 27 ліпеня і ў чаканьні суда ўтрымліваўся на Акрэсціна. У якасьці пакараньня маладафронтаўцу суд вызначыў пазбаўленьне волі тэрмінам на 15 сутак.