Алеся Шульжыцкага судзілі – судзілі і …не асудзілі
Аляксандр Дзямешчык, суддзя суда Смаргонскага раёна, 30 ліпеня вынес пастанову па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да грамадскага актывіста Уладзіміра Шульжыцкага.
Уладзімір абвінавачваўся ў тым, што 24 красавіка 2007 года каля 18 гадзін, выходзячы разам з міліцыянерамі з пад’езда дома №45 па вул.Юбілейнай у Смаргоні, нецэнзурна лаяўся.
Але ў судзе сваю віну ён не прызнаў. Патлумачыў, што напярэдадні раскінуў па паштовых скрынях самаробную рэкламу беларускай службы радыё “Свабода”. У лістках пазначыў, што калі ўзнікнуць праблемы з настройкай прымача на адпаведныя хвалі, то можна патэлефанаваць на ягоны нумар мабільнага тэлефона.
І вось 24 красавіка 2007 года каля 8 гадзін 15 хвілін са службовага мабільнага тэлефона 7866742, які, як высветлілася, належыць Смаргонскаму РАУС, яму патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці для настройкі прымача ў кв.45 дома 45 па вул.Юбілейнай. Дамовіліся, што гэта адбудзецца а 18 гадзіне ў гэты ж дзень. Гэту размову Уладзімір запісаў на дыктафон мабільнага тэлефона і дыск з запісам прадставіў суду. Дарэчы, суддзя А.Дзямешчык адмовіў у задавальненьні хадайніцтва У.Шульжыцкага у правядзеньні экспертызы, каб устанавіць, каму з супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС належыць дадзены голас.
Далей Уладзімір сказаў, што калі прыйшоў па адрасе, то ля ўвахода ў кватэру яго сустрэлі адразу два участковых міліцыянеры: Рогач Дзяніс і Траццякоў Аляксандр. Спыталі, куды ён ідзе. На што атрымалі адказ, што ў кватэру 45. Тады міліцыянеры сказалі, што яны званілі ў гэту кватэру, але ніхто не адчыніў. Пры гэтым заявілі, што ў доме былі крадзяжы, асоба Шульжыцкага выклікае падазрэнmне, а таму яму трэба праехаць ў РАУС для тлумачэнняў. Уладзімір падпарадкаваўся. Пасля дастаўлення ў РАУС ён даведаўся, што выходзячы з пад’езда нецэнзурна лаяўся, на заўвагі міліцыянераў і мінакоў не рэагаваў, чым парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян. На яго быў складзены пратакол аб хуліганстве.
Першапачаткова справа была разгледжана суддзёй Аляксандрам Квяткевічам. 5 чэрвеня 2007 года ён вынес апраўдаўчую пастанову – спыніў справу з нагоды адсутнасці ў дзеяньнях У.Шульжыцкага складу адміністрацыйнага правапарушэньня. На гэту пастанову пракурор раёна Мікалай Маліноўскі падаў скаргу ў абласны суд, у якой запатрабаваў адмяніць пастанову суддзі. У сваю чаргу, У.Шульжыцкі падаў у гэту ж інстанцыю скаргу, у якой патрабаваў зьмяніць рашэньне, гэта значыць спыніць справу не ў сувязі з адсутснасьцю складу адміністрацыйнага правапарушэння, а у сувязі з адсутнасцю падзеі правапарушэньня.
Скаргі былі разгледжаны суддзей абласнога суда І.Собалевым 5 чэрвеня 2007 г. Скарга пракурора была задаволена, а Шульжыцкага - адхілена. Справа была накіравана на новы разгляд.
Згодна з артыкулам 9.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адмінісрацыйных правапарушэннях абставінай, якая выключае адміністрацыйны працэс, з’яўляецца заканчэньне тэрмінаў накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня. Гэта 3 месяцы. Такім чынам, тэрмін зышоў 24 ліпеня 2007 г.
Тым не менш, суддзя суда Смаргонскага раёна Аляксандр Дзямешчык прызначыў справу да паўторнага разгляду на 27 ліпеня 2007 г., са спазненьнем на 3 дні.
У судовым працэсе У.Шульжыцкі заявіў хадайніцтва прызначыць яму адваката, бо не мае сродкаў на яго наем, паколькі нядаўна звольніўся з працы. Суддзя адхіліў хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што прызначэньне бясплатанага абаронцы не прадугледжана працэсуальным кодэксам.
Акрамя міліцыянераў, сведкамі выступалі дазнававальнік пагранічнай вайсковай часткі 2044 Пятніцкі Яўген і работнік індывідуальнай прадпрымальніцы І.Чыжовай Камаеў Аляксей. Яны тлумачылі сваё знаходжанне ў месцы падзей тым, што за 40 хвілін да гэтага стэлефанаваліся і дамовіліся, што Пятніцкі падвязе на аўтамабілі Камаева да дома №45 па вул. Юбілейнай перадаць знаёмай фатаграфіі. Шульжыцкі сцвярджаў, што гэтых сведкаў у месцы падзей не было, а таму заявіў хадайніцтва зрабіць запыты ў Белтэлекам, МТС ці Вэлком, каб устанавіць, ці былі перамовы паміж названымі сведкамі ва ўказаны імі час. Суддзя заявіў, што трэба высветліць, ці могуць дадзеныя тэлефонныя кампаніі даць пацверджанне перамоваў і пасля гэтага прыняць рашэньне па хадаўніцтву. Таму адклаў справу на 30 ліпеня. Але ў гэты дзень пра хадаўніцтва не ўзгадваў, пакуль Шульжыцкі не заявіў яго зноў. Гэту просьбу суддзя адхіліў.
Ніводзін са сведкаў не адказаў, якія канкрэтна нецэнзурныя словы выказаў Шульжыцкі. Напрыклад, Камаеў назваў слова “закалупалі”. Пятніцкі сказаў, што ён гэтыя словы не памятае, а да таго ж не філолаг, каб растлумачыць паняцьце “нецэнзурная лаянка”. Рогач пад гэтым разумее словы, якія нельга гаварыць.
Суддзя Аляксандр Дзямешчык у пастанове канстатаваў, што віна Уладзіміра Шульжыцкага ў хуліганстве знайшла пацверджаньне, але ў сувязі з заканчэннем 3-месячнага тэрміну для прыцягненьня да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэньне ён справу спыняе.