viasna on patreon

Гвалтоўныя зьнікненьні ня маюць тэрміну даўнасьці

2007 2007-08-30T12:48:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

30 жніўня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных зьнікненьняў. Яго стварэньне было ініцыявана працоўнай групай па гвалтоўных і нявольных зьнікненьнях, якая створана пры Камісіі ААН па правах чалавека. У цяперашні час у склад групы ўваходзяць 5 экспертаў. Яны разглядаюць паведамленьні пра зьніклых людзях, дасланыя іх сваякамі або праваабарончымі арганізацыямі і пасьля разгляду ўсіх акалічнасьцяў рэагуюць адпаведным чынам. Дадаткова ў сьнежні 2006 года была прынятая “Міжнародная Канвенцыя абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўнага зьнікненьня”, якую Рэспубліка Беларусь, на жаль, дагэтуль не падпісала. Хаця для Беларусі, дзе зьнікаюць кожны год сотні грамадзян, гэтая праблема надзвычай актуальная.

Увагу міжнароднай супольнасьці ў першую чаргу прыцягваюць зьнікненьні ў Беларусі палітычных апанэнтаў рэжыму. Нагадаем, у 1999 годзе ў Беларусі зьніклі палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. У 2000 годзе – тэлежурналіст Дзьмітрый Завадзкі.


Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляюць міжнародная арганізацыі. Патрабаваньне раскрыць праўду пра знікненьні палітыкаў змешчанае ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ. Гэтай праблеме шмат увагі надаваў і спецдакладчык Камісіі ААН па правах чалавека ААН па пытаньні пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі Адрыян Севярын. Ён зьвяртаў увагу на непразрыстасьць сьледства ў сувязі са зьнікненьнямі і заклікаў урад Беларусі аднавіць расьследваньне зьнікненьня Ю.Захаранкі, В.Ганчара, А.Красоўскага і Д.Завадскага.


Сёньня Камісія ААН па гвалтоўных і нядобраахвотных зьнікненьнях працягвае цікавіцца справай былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, які зьнік у 1999 годзе. Днямі адпаведны запыт з ААН атрымаў абаронца інтарэсаў сям’і Захаранкаў юрыст Алег Воўчак. Паводле зьвестак Алега Воўчака, у кастрычніку камісія ААН зьбіраецца на адмысловым паседжаньні разглядзець сітуацыю з расьсьледваньнем зьнікненьняў палітыкаў у Беларусі.


Беларускія праваабаронцы ўвесь час надавалі праблеме гвалтоўных знікненьняў у Беларусі асаблівую ўвагу. Звароты да міжнароднай супольнасці, заявы, пікеты прыцягвалі ўвагу грамадскасьці да гэтай дзікунскай з’явы.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі праў чалавека Алесь Бяляцкі адзначыў, што палітыка беларускіх уладаў не спрыяе высьвятленьню ўсёй праўды пра зьніклых апанентаў рэжыму. Беларускія ўлады фактычна хаваюць праўду ад беларускіх грамадзянаў. Ня гледзячы на гэта, беларускія праваабаронцы перакананыя ў тым, што раней ці пазьней беларускае грамадзтва будзе ведаць усю праўду. Гвалтоўныя зьнікненьні ня маюць тэрміну даўнасьці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства