Маніторынг парушэньняў правоў хрысьціянаў у Беларусі ў 2007 годзе
У Маніторынг, які правёў Хрысціянскі Правааборочы Дом увайшлі факты парушэнняў правоў веруючых, а таксам звароты, лісты, матэрыялы афіцыйнай перапіскі рэлігійных структураў з органамі ўлады і іншыя дакументы. З праведзенага Маніторынгу вынікае, што за мінулыя паўгады ў Беларусі парушаліся правы вернікаў усіх хрысціянскіх канфесіяў: праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў. Ціск і пераслед за свае перакананні церпяць хрысціяне, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, а таксама некаторыя аб’яднанні, якія вызнаюць сваімі прынцыпамі хрысціянскія каштоўнасці.
Вынікі Маніторынгу даюць падставу меркаваць, што ў першую палову 2007 году ў дачыненні да хрысціянскіх рэлігійный аб’яднаняў, цэркваў і простых веруючых больш актыўна і масава з боку ўладаў прымяняліся меры адміністратыўнай адказнасці за несанкцыянаваныя рэлігійныя сабранні (ст. 23.34 КоАП РБ), адміністратыўныя пакаранні за рэлігійную дзейнасць у выглядзе арыштаў, штрафаў і папярэджанняў. Таксама мелі месца факты разгону сілавымі сродкамі малітоўных сабранняў і акцыяў, затрыманні актывістаў кампаніяў па абароне права на свабоду сумлення, пранікненне ў прыватнае жытло веруючых, забарона мерапрыемстваў у абарону свабоды сумлення, публікацыі ў дзяржаўнай прэссе артыкулаў абуральнага для хрысціянаў зместу.
За мінулыя паўгады па факту незаконнай рэлігійнай дзейнасці адбылося два судовых працэса, адзінаццаць справаў было разгледжана адміністрацыйнымі камісіямі, вынесена адно папярэджанне Пракуратурай.
У прыватнасці, двойчы за адзін тыдзень, 27 мая і 3 чэрвеня, быў затрыманы і прызнаны судом віноўным у здзяйсненні адміністратыўнага парушэння паводле арт. 23.34 КоАП (правядзенне несанкцыянаванага багаслужэння) пастар пратэстанцкай царквы ХВЕ г. Мінска Антоні Бокун. Дадзены выпадак з’яўляецца трэцім па ліку з вядомых у нашай найноўшай гісторыі -- пакаранне арыштам за рэлігійную дзейнасць.
(Першым за несанкцыянаванае набажэнства 3 сакавіка 2006 году на 10 сутак быў арыштаваны пастар мінскай баптысцкай царквы “Запавет Хрыста” Георгі Вязоўскі. 24 сакавіка 2006 году 10 сутак арышту у выглядзе пакарання за парушэнне арт. 167 Адмінітрацыйнага кодэксу РБ атрымаў юрыст Сяргей Шаўцоў за правядзенне рэлігійнага семінара з удзелам замежнага прапаведніка).
Хрысціянскі Правааборочы Дом звяртае ўвагу на наступныя факты і кампаніі, якія мелі месца ў Беларусі за апошнія поўгады:
- У другой палове 2006 г. і першай палове 2007 г., як ніколі раней у Беларусі мелі месца шматлікія выпадкі дэпартацыі замежных служыцеляў. За год нашу краіну вымушаныя былі пакінуць больш за 25 замежных святароў і місіянераў. Прычына дэпартацыі – рэлігійная, асветніцкая альбо дабрачынная дзейнасць замежнікаў на тэррыторыі Рэспублікі Беларусь. Рашэнне аб высылцы замежных грамадзянаў, як правіла, прымаюцца мясцовымі дэпартаментамі па грамадзянству і міграцыі паводле нефармальных распараджэнняў спецслужбаў. Тыповая фармулёўка, з якой замежных грамадзянаў вымушаюць пакідаць Беларусь, – “пагроза нацыянальнай бяспецы”.
Адметна таксама і тое, што гэтыя дзеянні ўладаў выклікаюць актыўную адмоўную рэакцыю у хрысціяснкіх супольнасцях краіны, аб чым сведчыць колькасць зваротаў і лістоў накіраваных з нагоды незаконнай дэпартацыі да орагнаў улады пастарамі і галовамі Каталіцкай Царквы і пратэстанскіх супольнасцяў і аб’яднанняў.
- 22 красавіка 2007 г. распачалася “Кампанія за свабоду веравызнання” па збору подпісаў за ўнясенне зменаў у Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”. За тры месяца Кампаніі было сабрана больш за 25 тысячаў подпісаў беларускіх грамадзянаў больш чым у 200 населеных пунктах краіны. Удзел у зборы подпісаў прынялі вернікі розных хрысціянскіх канфесіяў і дэнамінацыяў, грамадскія аб’яднанні і грамадзянскія актывісты. “Кампанія за свабоду веравызнання” на дадзены момант з’яўляецца самай масштабнай грамадскай (непалітчынай) кампаніяй па збору подпісаў у Беларусі.
Сваёй мэтай ініцыятары Кампаніі бачаць абарону права на свабоду веравызнання для грамадзянаў Рэспублікі Белаурсь шляхам перагляду дзеючага “Закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” і прывядзення Закону ў адпаведнасць з нормамі Канстытуцыі РБ і міжнароднымі актамі.
- У сакавіку 2007 г. распачаўся збор подпісаў у абарону храма Св. Язэпа ў Мінску. Збор подпісаў – гэта адказ беларускіх каталікоў на намер уладаў г. Мінска перабудаваць старажытны архітэктурны комплекс 17-18 стст. у цэнтры гораду пад гатэль і забаўляльны комплекс. Архітэктурны комплекс складаецца з будынку касцёла Святога Язэпa і шэрагу будынкаў былога кляштара бернардынцаў. З сакавіка 2005 адбываецца штодзённая малітва ў інтэнцыі вяртання храма. Зараз веруючыя патрабуюць не дапусціць перабудовы храма і кляштара і вярнуць іх беларускаму Каталіцкаму Касцёлу.
На дадзены момант актывістамі кампаніі сабрана каля 20 тыс. подпісаў, якія перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Не гледзячы на пратэсты каталікоў, 18 сакавіка навукова-метадычная Рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінітэрстве культуры РБ ухваліла праект рэканструкцыі архітэктурнага комплекса.
- Застаецца за каратамі Зміцер Дашкевіч, евангельскі хрысціянін, лідэр незарэгістраванай моладзевай дэмакратычнай арганізацыі “Малады Фронт”. Ён адбывае пакаранне – 1,5 гады зняволення за “кіраванне незарэгістраванай арганізацыяй”. Пад вартай ён знаходзіцца з 15 верасня 2006 году. Вядома, што ўмовы, ў якіх утрымліваецца Зміцер Дашкевіч, блізкія да катавальных.
“Малады Фронт” вызнае сваімі каштоўнасцямі хрысціянскія прынцыпы і беларускі патрыятызм. Не гледзячы на неаднаразовыя спробы атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю, улады адмаўляюць “Маладому фронту” і прыцягваюць яго актывістаў да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, паводле арт. 193 Крымінальнага Кодэксу РБ. Усяго супраць актывістаў “Маладога Фронту” было распачата каля 30 крымінальных справаў. Зараз у папраўчай установе № 43 г. Магілёва адбывае пакаранне актывіст гэтай незарэгістраванай арганізацыі Артур Фiнькевiч.
4 верасня маюць адбыцца суды над маладафронтаўцамі Настай Азаркай, настаўніцай з .г Нясвіжу, Мінская вобл., і непаўнагадовым Іванам Шылай, лідэру маладафронтаўцаў з г. Салігорску, Мінская вобл.
Атрыкул 193 Крымінальнага Кодэксу, паводле якога вынесеныя прысуды і распачатыя крымінальныя справы супраць актывістаў “Маладога Фронту”, утрымлівае ў сабе магчымасьць крымінальнага пераследу як за сяброўства ў незарэгістраванай грамадскай арганізацыі ці фондзе, так і ў незарэгістраваным рэлігійным аб’яднанні ці царкве.
Хрысціянскі Праваабарончы Дом імкнецца перасцерагчы беларускія ўлады ад магчымых рэпрэсіўный дзеянняў у адносінах да актывістаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.